Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 94
Віктар Шніп
11.08.1983. Доўга стаяў па білет. Зайшоўся ў Валожыне ў кнігарню, дзе купіў I. Драча «Подсолнух». Добрая кніжка. Пагаварыў з прадаўшчыцай Светай. Пасля сталоўкі забег у карэктарскую. Там нікога. Каля рэдакцыі пачытаў кніжку. Першым прыйшоў П. Бітэль. Падпісаў выдавецкую дамову на выданне яго кнігі (я прывёз) і даў фотаздымкі. Здароўе не вельмі ў яго і жонкі... Пятро Іванавіч прачытаў сваю паэму-казку «Нястача». Цікавая рэч...
12.04.1984. У Валожын прыехаў рана. Пазваніў Бітэлю. Пятро Іванавіч крыху прыхварэў, ды і зубы ставіць. На гэты раз прыехаў Валодзя Малашэнкаў, васьмікласнік з Вішнева...
14.06.1984. У Валожын прыехаў і адразу патрапіў пад дождж, які ўжо ідзе амаль месяц. А ў Расіі быў смерч, які разбурыў шмат дамоў, ёсць загінулыя.
Пабыў у карэктарскай. Прыехаў Лёня Шчарбінскі. Пасля — П. Бітэль і Г. Равінскі...
6.09.1984. На гэты раз прыехалі Л. Шчарбінскі, Г. Равінскі, Л. Скотнікава, Т. Гасціловіч, Л. Скадорва і інш. Пазваніў Бітэлю. Выбірае бульбу, баліць спіна, а так усё нармальна.
4.10.1984. У Валожын прыехаў а 9 гадзіне. Зазірнуўшы ў кнігарню, пайшоў у рэдакцыю. На гэты раз прыехалі Пятро Бітэль і Алена Жылінская. Малавата. З намі была Н. Штэйнер. П. Бітэль чытаў урыўкі з паэмы «Тупікі». Цікава. Я ўзяў вершы для агляду. Зноў не давалі абвесткі і не рассылалі запрашэнняў.
3.01.1985. З Пугачоў паехаў у Валожын. У аўтобусе сустрэў Феліка Янушкевіча. Ён ехаў здаваць аналізы — едзе ў Японію на 20 дзён. Усю дарогу гаварылі. У раёнку на гэты раз прыехалі П. Бітэль, Г. Равінскі і А. Жылінская. Пятро Іванавіч падпісаў мне сваю кнігу. Казаў, што ніхто ў Вішневе не чакаў ад яго такой кніжкі, усе думалі: будзе маленькая кніжачка. Мы ўсе павіншавалі Бітэля з кнігай. Літаб’яднанне прайшло хораша.
12.03.1985. Са «Звязды» пайшоў на секцыю паэзіі ў Саюз пісьменнікаў, дзе (я не ведаў) разглядалі творчасць Пятра Бітэля. Прыйшоў Я. Янушкевіч з жонкай, на якую ўсе глядзелі і пасля пыталіся ў мяне, хто такая. На секцыі былі Р. Барадулін, В. Зуёнак, Р. Тармола, Я. Янішчыц, Т. Бондар, Р. Баравікова, У. Някляеў ды інш. Агляд паэзіі за мінулы год рабіла А. Сямёнава, добрым словам успомніла і мяне. Выступіла Т. Чабан. А 16 гадзіне быў жалобны мітынг памяці Чарненкі. Пасля зноў працягнулася секцыя. Па Бітэлю выступіла В. Коўтун, а пад канец — Янушкевіч, які не вельмі ўдала сказаў: «Калі Галубовіч, Шніп, Пісьмянкоў пачынаюць свой шлях, то Пятро Бітэль ужо закончыў свой жыццёвы шлях...» I стаў дзякаваць, што прынялі Бітэля ў Саюз. Аднак ён памыліўся, бо секцыя — гэта толькі пачатак да ўступлення ў СП...
16.03.1985. Пазваніў П. Бітэлю. Пятро Іванавіч сказаў, што хварэе сам і жонка. Закончыў сваю паэму і хоча пачытаць. Трэба будзе з’ездзіць. Казаў, што ніхто апошнім часам не прыязджае. Скардзіўся, што на яго кніжку нідзе не даюць рэцэнзій. Аднак Пятро Іванавіч не вельмі перажывае. Не будзе, кажа, перажываць, калі і ў СП не прымуць. М. Курыла яму часта звоніць, просіць парад, чытае вершы...