Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 96
Віктар Шніп
Я вельмі рад за Вас, што Вы вучыцеся, што перад Вамі прыгожае будучае. Будзьце спакойнымі ў дасягненні мэты. Я і Ніна Пятроўна жадаем Вам моцнага здароўя, сіл перамагчы ўсе цяжкасці і творчых поспехаў.
З пашанай, П. Бітэль.
Добры дзень, юны дружа!
Пісьмо Ваша атрымаў. Шчыра дзякую за памяць і за добрыя пажаданні. У мяне покуль што, як кажуць, без перамен, жывём са сваёй гаспадынькай і хвалімся адно аднаму сваімі немачамі. Сёлета яна ў мяне асабліва дрэнна сябе адчувае. Я, як быццам, трохі мацней трымаюся, але таксама невядома, ці надоўга мяне хопіць. Цяпер перадрукоўваю на машынцы перакладзеную мной з польскай мовы кнігу Крашэўскага «Хата за вёскай». Па маёй вершаванай аповесці «Тры ўлады» варожа «праехаўся» з алоўкам Хведар Жычка і забракаваў. Бачу ў гэтым чарговую на мяне нагонку, бо прыдзіркі беспадстаўныя, а месцамі наіўныя, а нават глупыя. Адносна таго, каб Вам завесці сям’ю, прывяду адказ аднаго ўсходняга мудраца юнаку на пытанне, жаніцца яму ці не. Мудрэц адказаў: «Як ні зробіш, усё роўна пасля будзеш шкадаваць». А англійскі паэт Бёрнс у адным са сваіх вершаў напісаў:
Кавалерам, нежанатым
Не жыццё, а проста рай!
А сямейным хлапчанятам
Тройчы ў дзень аўсянкі дай!..
I г. д. Так што, відаць, трэба над гэтым падумаць. Але жарты набок! Калі ёсць на прыкмеце чалавек па душы, дык доўга цягнуць не варта. Я сам ажаніўся, калі мне не было яшчэ і 20-і.
Жадаю Вам поспехаў у вучобе і ў творчасці.
З сардэчным прывітаннем — П. Бітэль. Найлепшыя пажаданні ад Ніны Пятроўны.
Добры дзень, Віктар Анатольевіч!
Пісьмо Ваша атрымаў, дзякую за памяць. Вельмі рад за Вас, што Вы нарэшце ўладкаваліся, супакоіліся і атрымалі працу. Жадаю Вам самых вялікіх поспехаў на новым становішчы.
Што датычыцца прапановы з Вашага боку што-небудзь напісаць у Ваш часопіс, дык, па-першае, не вельмі ведаю, што пісаць, а па-другое, вельмі заняты асноўнай работай — пераклаў кнігу з лацінскай мовы і цяпер цэлымі днямі «клюю» яе на машынцы. Не ведаю, ці да Новага года закончу, бо нездаровіцца і работа ідзе марудна, а таксама вельмі хворая мая Ніна Пятроўна, дык прыходзіцца адрывацца да хатніх спраў. Але Вашу прапанову буду мець на ўвазе.
Часта звоніць мне М. Курыла, ён цяпер жыве ў Валожыне, прасіў перадаць Вам ад яго прывітанне.
Віншую Вас і вашу «лепшую палавіну» з наступаючым Новым годам і жадаю Вам абаім моцнага здароўя і выдатных творчых поспехаў.
З павагай — П. Бітэль.
Добры дзень, дружа Віктар Анатольевіч!
Выбачайце, што я не адказаў упару і не падзякаваў Вам за навагоднія пажаданні, віншаванні і за добрую вестку.
Справа ў тым, што пасля паездкі ў Навагрудак (18.12.) я цяжка захварэў і ад 22.12. па 26.1. праваляўся ў бальніцах у Вішневе і ў Маладзечне. Цяпер я дома, але вельмі слабы, бо абсалютна нічога не магу есці. Гэта пісьмо піша за мяне мая дачка. Жадаю Вам добрага здароўя, шчасця і ўсяго найлепшага.