Читать «Заўтра была адліга-4» онлайн - страница 93
Віктар Шніп
4.06.1982. 3 чэрвеня быў у Валожыне. На гэты раз на літаб’яднанні было 12 чалавек: П. Бітэль, Г. Равінскі, Л. Шчарбінскі, Г. Косік, I. Шакун, С. Садоўскі, Б. Бібік і інш. Паседжанне было юбілейным. Нашаму літаб’яднанню —
1 год.
24.06.1982. Вечарам быў у Рыгора Барадуліна. Ён добрым словам успомніў П. Бітэля...
23.08.1982. Бачыўся з Валерам Янушкевічам. Ён казаў, што Фелік малюе П. Бітэля.
10.02.1983. На гэты раз прыйшлі П. Бітэль, М. Карыцкая, Л. Скадорва, В. Бібаеў, I. Шакун і новы хлопец з Вішнева. Зноў давялося добра папрацаваць. Фотакор нас фатаграфаваў. Пятро Іванавіч расказаў пра пераклады, і я папрасіў, каб ён напісаў пра гэта артыкул. Калі мы раз’язджаліся, я праводзіў Пятра Іванавіча і хлопца з Вішнева. Бітэль быў, відаць, заклапочаны, каб як хутчэй заехаць дамоў, і, дайшоўшы да аўтобуса разам са мной, не развітаўшыся, пайшоў у салон. Я разгублена паглядзеў яму ўслед і пасунуўся ў буфет. Ем, забягае П. Бітэль: «Неяк атрымалася па-свінацкаму! Не развітаўся». Мы развіталіся, і мне стала весялей.
10.03.1983. На гэты раз было мала чалавек, бо не выслалі запрашэнняў. Першым прыехаў П. Бітэль. Потым Валодзя з Вішнева і В. Бібаеў. А. Хазянін крыху пакрытыкаваў, што апошнія літаб’яднанні сталі слабейшымі.
7.04.1983. Паехаў у Валожын у раёнку праводзіць літаб’яднанне. Зноў запрашэнняў не высылалі, не далі аб’явы. Падвялі мяне. А можа, не хочуць, каб мы больш збіраліся?
21.05.1983. А палове сёмай быў на вакзале. Прыйшла Таццяна Мушынская. Галіна Шаблінская не змагла, бо ў іх праверка з Масквы. Усю дарогу размаўлялі. Язэп Янушкевіч заседзеўся дома і не паспеў на наш аўтобус «Мінск—Ліда». Паехалі без яго ў Валожын. Ужо думалі, што Язэпа не будзе, як раптам ён з’явіўся — прыехаў услед. Паехалі на 9.50 у Вішнева. Прыйшлі да Пятра Бітэля. Нас даўно чакалі. Ніна Пятроўна рыхтавала пачастункі, а мы слухалі творы Пятра Іванавіча. Цалкам ён прачытаў «Баруны», «Папарацькветку» і апавяданняў некалькі. Быў яго сябар і калега Мікалай Раманавіч з Ваўкавыска. Уразіў сваім веданнем гісторыі. Язэп перапісаў даты царствавання дынастыі Раманавых. Хораша пасядзелі. Ехалі дамоў стомленыя, але задаволеныя паездкай. Цудоўна!
10.06.1983. На гэты раз быў толькі Лёня Шчарбінскі. Званіў П. Бітэлю. Пятро Іванавіч атрымаў адказ з «Мінскай праўды». Казаў, што дрэнны адказ. Здароўе не вельмі. Ды і ў выдавецтве ўсё робіцца няспешна. Ёсць, казаў, задума на вялікую рэч.
19.07.1983. Зайшоўся ў выдавецтва да Дранько-Майсюка. Лёня ўзрадаваўся майму прыходу і запытаўся: «Калі думаеш ехаць у Валожын?» — «21 ліпеня...» I Лёня папрасіў перадаць ліст Пятру Бітэлю. Зайшоўся Мікола Арочка. Спачатку ён не хацеў браць рукапіс Пятра Іванавіча, каб напісаць на яго рэцэнзію, але мы яго ўгаварылі, і ён узяў.
21.07.1983. На гэты раз у раёнку прыехаў П. Бітэль. Я яму перадаў ліст ад Дранько-Майсюка. А ён праз мяне адказ. Генадзь Равінскі чытаў свае апавяданні. Казаў, што на мяне пакрыўдзіўся !ван Асіпацкі, якога я пакрытыкаваў у адным артыкуле разам з яго вучаніцай.