Читать «Вершнікі на дарозе» онлайн - страница 9

Маргарыта Латышкевіч

Але я бачыў вочы гэтага чалавека — вочы, у якіх нешта згасла, вочы, абведзеныя жалобнымі цёмнымі кругамі. І таму змоўчаў.

— Гэта ж усё праз пер'е? — спытаў Падвей пасля досыць працяглай цішыні. Я ўскінуў брыво, а ён, таропка рассыпаючы словы, працягваў:

— Яе футра, дзіўнае такое футра з белага пер'я. Калі яна глядзела на гэтае футра, то рабілася... іншай. Як тады, перад тым як яна ўзнялася і паляцела ад возера. Я ж не мог.

Ён схаваў твар у далонях.

— Я ж не мог дазволіць, каб яна зноў... У нас дзіця, Кашч. А яна з гэтым сваім футрам у любы момант магла б.

Ён не змог дагаварыць: сутаргай перахапіла горла. І тады я згадаў — і зразумеў.

Ва ўтульным пакойчыку на самым версе каменнай вежы востра пахла спаленым пер'ем. Няшчасны ёлуп настолькі не хацеў адпускаць ад сябе сваю князёўну, што вырашыў аддаць самую трапяткую і безабаронную частку яе зыркаму агню.

Тое, што неабачліваму чалавечаму сыну падасца футрам, адзеннем, для пярэваратня — драбок сутнасці. Ён мог бы з такім самым вынікам адсячы ёй ногі, каб не ўцякла.

— Вяртайся дамоў, Іван Падвей з Кудравіц, — сказаў я ціха. — Таго, што ты страціў, тут болей не знойдзеш.

Не ведаю, ці пачуў мяне гэты ўпарты блазан — таму што ён не жадаў гэтага чуць. Але ён пайшоў прэч, згорбіўшыся, быццам пад невыносным цяжарам, і цень ад руннага каменя цягнуўся за ім драпежна і помсліва, навальваючыся зверху і паглынаючы. Праўда, нават крута замешаныя на помсце закляцці тут ужо мала што маглі змяніць: Падвей быў не толькі на мяжы Курганова Поля, але і на мяжы свету жывых. Стаўры таксама, як і я, адчуў гэта і са скрухаю завыў. Пашкадаваў. У сабакаў добрыя сэрцы, сабакі заўжды шкадуюць людзей.

А чаго шкадаваць? Неразумны хлопчык мусіў бы вярнуцца дамоў яшчэ тады, калі толькі пачуў дзіўныя дзявочыя спевы каля возера. Усё справядліва: сам аднойчы абраў гэты шлях і сам цяпер вымушаны плаціць за гэта.

Час ішоў, год за годам, вясна за зімою, восень за летам. Як звычайна, як заўсёды. Я паранейшаму адбываў сваю варту і бачыў, як паступова набліжаліся, падкочваліся ўсё бліжэй і бліжэй людскія сялібы, заставаліся ў трывожным, непрыемным суседстве. Саламяныя дахі паўзрасталі зусім блізка, там, за ракою, на невысокіх узгорках. Зыркія агні ў ачагах пільна вартавалі іх, з комінаў падымаліся, слаліся па ветры хвасты дымоў. У кузнях цяжкія молаты кавалі жалеза, цяжка ўздыхалі кавальскія мяхі. Рэха адбівалася ад нямоўчнай рачной вады, блытаючыся ў трыснягу, і заносіла гукі сюды. Голас халоднага жалеза быў выразны, разборлівы:

— На згу-бу, на згу-бу.

Пра Падвея з Кудравіц я кінуў думаць. Што нам да чалавечых сыноў і іхніх нягодаў? Мы з'явіліся тут, на гэтай зямлі, даўным-даўно, значна раней за іх далёкіх продкаў. Мы былі тут спрадвеку, плоць ад плоці гэтай зямлі, і будзем тут яшчэ доўга, пакуль неба зноў не паяднаецца з морам. Мы лётаем на крылах ветру, расколваючы спевам нашых паляўнічых рагоў зімовыя завеі, мы бязважка крочым праз сны, мы водзім карагоды пад зорамі. Мы слухаем, як павольна цячэ жыццё ў травах і дрэвах, мы сплятаем словы ў чары і пяём між сваіх камянёў, вітаючы месяц ці славячы сонца. Мы доўга адстойвалі сваё спрадвечнае права жыць тут, і наша зямля ўдосталь напоена і нашай, і чалавечай крывёю.