Читать «Вершнікі на дарозе» онлайн - страница 11

Маргарыта Латышкевіч

— Вершнік, — сказаў я. — Так.

Ён не збочыў да бярозавага гаю.

Не павярнуў да пераправы, да саламяных дахаў, да ахоўнага агню.

Я ўнутрана напяўся, але стаяў, як і раней, у ценю каменя, трымаючы руку на карку Стаўры. Апошні, хоць і падхапіўся з месца і з цікаўнасцю прынюхваўся да новага госця, не бурчаў і не гыркаў.

Тым часам госць спешыўся, прывязаў каня — шэрага ў яблыкі — да старога карчака, і нетаропка крочыў па сцежцы да курганоў. Тыя людзі, што прамінаюць Курганова Поле па бальшаку, намагаюцца праехаць як хутчэй, не прыпыняючыся, нават не паварочваючы галавы. Пастухі, якія шукаюць у ваколіцы згубленых авечак, прамінаючы, абавязкова хапаюцца за свае талісманы, шэпчуць малітвы і шматкроць сплёўваюць цераз плячо.

А гэты аглядаўся цікаўна і жыва, круціў галавой ва ўсе бакі і нават нешта легкадумна насвістваў.

Зараз я мог яго добра разгледзець — і са здзіўленнем пазнаваў у новым госці старога. Тыя ж светлыя валасы, адпушчаныя да плеч, той жа светлы твар з бровамі ўразлёт і капрызлівымі вуснамі, хіба што болей усмешлівы і. так, маладзейшы. Яшчэ хада змянілася — гэты ішоў лягчэй, амаль бязважка, не зважаючы на чары ці, можа, проста не заўважаючы іх.

Мяча пры ім не было. Ні мяча, ні шчыта, ні кальчугі. Зусім ніякай зброі, ніякай брані. І адзенне дарожнае, дыхтоўнае, але без дарагой вышыўкі ці ўпрыгожанняў, запыленае, заношанае, боты грубыя, цяжкія. Затое за спінаю з'явіўся скураны горб, які весела дзынкаў на кожным кроку.

— Пяе... — задуменна сказала Нешка, накручваючы залацістую пасму на палец. Нават белы со­кал зараз пільна глядзеў на чужынца.

Мы сачылі, а госць тым часам бадзёра ўскараскаўся на мой курган і з вяршыні агледзеў усё Кур­ганова Поле, верасовыя хвалі ды белыя іклы камянёў, раскіданыя між траваў.

— Ого! — радасна сказаў госць і нават прысвіснуў. — Ну і ну!

Мімаходзь зірнуў на сам камень, зацікавіўшыся, уважліва прабег вачыма па заклятых рунах і нават, не ўтрымаўшыся, крануўся іх кончыкамі пальцаў. Быццам пагладзіў камень, як гладзяць сабакаў. Пасля зірнуў убок, туды, дзе цень ад стаячага каменя прарэзваў травы, і ўтаропіўся ў нас. Нешка ціхенька ахнула і, схаваўшыся за мяне, сціснула маю руку. Дарэмна спужалася: каменныя чары надзейна хаваюць ад чалавечага зроку.

Але я на ўсякі выпадак паклаў далонь на дзяржальна.

— Дабрыдзень, — нерашуча сказаў госць, лыпаючы вачыма, і Нешка зноў успуджана ахнула. — Які ў вас, дзядзечка, файны сабака.

Вочы ў яго былі зялёныя, быццам Пушча, і глядзелі скрозь цень ад каменя, скрозь старадаўнія чары.

— Назавіся, чалавечы сын, — сказаў я, як таго патрабаваў звычай. Госць сонечна ўсміхнуўся.

Вочы ў яго былі нашы, кірпаты нос і ўсё аблічча — самымі чалавечымі, а язык — той і ўвогуле

немаведама якога паходжання, таму што мянціў не спыняючыся.

Яго завуць Ясем, і сам ён не адсюль, і падарожнічае з месяц недзе, і дамоў не збіраецца, бо дома мачаха і малодшы брат, якія не надта чакаюць ягонага вяртання.

Апошняе прагучала з прыхаванай горыччу, але ўсміхацца ён не кінуў.

— А сюды нашто прыйшоў?

Ён паціснуў плячыма.