Читать «Вершнікі на дарозе» онлайн

Маргарыта Латышкевіч

Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ

ВЕРШНІКІ НА ДАРОЗЕ

Словы — рэч ненадзейная. Здрадлівая. Імёны тыя ж, скажам. Вось для прыкладу, называюць мяне — Косткасей. Рассяваю, значыцца, косткі на ратным полі. Злавіць бы аднаго з тых, што ўкладаюць песні на кожны стук-грук, дакладней, таго калматага вечна п'янага гарлапана, які першым гэта прыдумаў, то яму гэтыя самыя косткі як след пералічыў бы.

Зрэшты, усё можна выкарыстаць на сваю карысць. Імя — таксама, нават калі не дужа падабаецца. Княжыя майстры колісь выкавалі мне неблагі чэрнены панцыр, на якім срэбрам выведзены малюнак — хрыбет ды рэбры. І забрала ў шалома адмысловае — быццам чэрап. У чалавечых сыноў зазвычай пачынаюць падступна дрыжаць каленкі яшчэ да таго, як нябогам даводзіцца скрыжаваць са мною меч.

Гэты не дрыжаў.

Зялёны саплівец, у якога і барада яшчэ не пачынала расці, змрочна глядзеў на мяне спадылба. Зброю — кароткі меч і драўляны шчыт — у руках трымаў няўпэўнена, быццам не звык да яе. Багаты плашч, падбіты лісіным футрам, і раззалочаная смешная кальчужка, і самавіты пояс, упрыгожаны самацветамі, ды нават самая манера капрызліва падціскаць па-дзявочы пульхныя вусны — усё выдавала ў ім разбэшчанага дзіцёнка багатага валадара людзей. Праўда, герб, груба намаляваны на шчыце, — нацягнуты лук і тры стралы — мне ні пра што не сказаў, але я ніколі не цікавіўся чалавечай геральдыкай.

Пад ветрам павольна гайдаліся духмяныя хвалі верасоў — белыя, ліловыя і амаль чорныя. Салодкі мядовы водар ленавата плыў над выгнутымі спінамі курганоў, над нагрэтымі за дзень стаячымі камянямі з выбітымі ў іх закляццямі. Белыя пышна ўзбітыя аблокі патроху наліваліся золатам і барвай: сонца паступова скочвалася за змрочныя вершаліны спрадвечнай Пушчы, якія адсюль падаваліся цёмным грабеньчыкам на даляглядзе.

Дзень быў спякотны, таму трохі ленаваты і сонны, таму цягнуўся доўга, як кроплі смалы па лусцэ кары. Я прысеў адпачыць, прысланіўшыся спінаю да аднаго з зачараваных камянёў, і глядзеў, як над стужкаю дарогі, над ракою і бярозавым гаем, кранутым восеньскай пазалотай, кружыць самотны крумкач. Калматы Стаўры прылёг побач, вываліўшы ружовы язык і паўпрыкрыўшы залатыя вочы. Я павольна перабіраў шэрую поўсць на ягонай спіне, пакуль Стаўры не падхапіўся, з трывогаю ўтаропіўшыся ў кропку на дарозе. Кропка хутка расла і стала вершнікам на белым кані.

Я колькі хвілін спадзяваўся, што яму хопіць розуму павярнуць да бяроз або да ракі. Чалавечыя сыны ведаюць, што Курганова Поле, ды ваколіца, ды Пушча — адвечна наша зямля, і нават падчас войнаў не сунуцца сюды. Цяпер быў дрыготкі няўстойлівы мір, калі мясцовыя валадары ў большасці распаўзліся па сваіх кутах і залізвалі раны.

Але ён не павярнуў.

Хлопчык не мог не ведаць, куды прыйшоў. Мы заўжды папярэджваем. Ставім ахоўныя знакі. Паабапал гэтай сцежкі ў густую траву ўторкнутыя два пачарнелыя ад часу кап'і з конскімі чарапамі на іх — пазнакі мяжы, уваходу ў наш край.

Так, ён выдатна ведаў, куды ішоў. Гэта было відавочна нават па тым, як ён спешыўся, як пайшоў, трымаючы руку на дзяржальне мяча. Заўважыць мяне ён не мог: кожны камень тут спавіты моцнымі старажытнымі чарамі, якія, калі патрэбна, надзейна хаваюць ад смяротных вачэй.