Читать «Вершнікі на дарозе» онлайн - страница 8

Маргарыта Латышкевіч

Князь асабіста сустракаў яе на мяжы. Стаяў разам са світаю каля белага каменя, апаясанага пляценнем чароўных знакаў, і сярэбраная выкшталцоная вышыўка на доўгіх рукавах ягонага ўбору ззяла, быццам іней на сухой траве. І вочы ў яго ззялі таксама — халодныя, быццам іней.

Я прытрымаў гарачага каня, дапамог князёўне спешыцца. Яна адразу ж амаль бегма рушыла да бацькі. Той абняў яе, укрыў уласным плашчом з галавою.

— Мы так сумавалі без цябе, любае наша дзіця, — спакойна сказаў ёй Сотвар. — Добра, што ты нарэшце з намі.

Ён павольна правёў тонкай рукой з унізанымі пярсцёнкамі пальцамі па галаве Марэны, схаванай пад сіняй тканінай, — і абрысы фігуры пад плашчом вокамгненна зніклі. Я здранцвеў, я заскрыгатаў зубамі, сціснуўшы ў кулаку аброць. Мне падавалася, што дзяўчынка і так атрымала належную навуку, пакарала сама сябе.

А князь падхапіў нешта пад плашчом і пасля рэзка сцягнуў яго долу. Трымаў на пальчатцы маленькага натапыранага белага сокала, які ўспуджана біў крыламі і крычаў.

Крычаў так пранізліва і жаласна, што разрывалася сэрца.

— Косткасей, — князь падняў яркія шэрыя вочы на мяне. — Калі той чалавек з'явіцца, ты ведаеш, што рабіць.

Я нахіліў галаву. Здагадацца, чаго ён хацеў, было нескладана. Гэта чалавечыя сыны, на сваё шчасце, схільныя забываць, а мы, як і сама зямля, памятаем доўга, бясконца. Таму не ўмеем выбачаць.

Па шчырасці, я неяк падсвядома чакаў, што гэты ўпарты хлопчык хутка з'явіцца. Чакаў не дзеля княжага загаду — проста гэта падавалася мне прадвызначаным зараней, яшчэ ў той дзень, калі Падвей упершыню прыехаў сюды, на мяжу.

І ён з'явіўся. Зноў прыскакаў на белым кані — узмыленым, загнаным.

Па першым інеі пайшоў да стаячых камянёў — змрочны і ціхі, з хваравіта завостранымі рысамі твару, з ценямі пад вачыма. Памежныя чары, мусіць, пазналі яго, таму што прапусцілі далей, і ён сам змог падняцца на курган. Стаўры пільна сачыў за ім, але не гыркнуў і не забрахаў. Таксама пазнаў.

— Я. я прыехаў па яе, чуеце? — хрыпла загаварыў Падвей, як толькі падняўся на вяршыню. — Чуеце?.. Я прыехаў па сваю жонку. Марэна!

Ён кідаўся то ў адзін бок, то ў другі, і клікаў князёўну, і прасіў, і нават пагражаў. Не варта было чакаць, пакуль камяням шумны чужынец надакучыць і яны вырашаць самі ад яго пазбавіцца, таму я зрабіў крок з ценю насустрач чалавеку.

— Я ж калісьці казаў табе вяртацца, адкуль прыйшоў, — змрочна сказаў я. І, не стрымаўшыся, працадзіў з сэрцам: — Д-дурань!..

Падвей здрыгануўся ўсім целам і ўтаропіўся ў мяне.

— Кашч Меднабароды, — успомніў, нараспеў вымавіў маё імя. І дадаў павольна і глуха, быццам размаўляў у сне: — Яна не прыйдзе, так?..

— Не прыйдзе, — кіўнуў я.

Трэба было яго застрашыць, сказаць, што, калі не пакіне тут лямантаваць, з ценю пад каменем могуць з'явіцца тыя, хто зусім не схільны спачуваць чалавечым сынам. Час для палявання яшчэ не настаў, але дзеля такой нагоды Сотвар быў бы толькі рады склікаць сваіх лепшых паляўнічых ды гончых. Князь наш суровы, быццам сівер, быццам снежная бура, і не мае літасці. Прынамсі, да чалавечых сыноў.