Читать «Вершнікі на дарозе» онлайн - страница 18

Маргарыта Латышкевіч

— Ты прыгожая, панна Нешка, — прагаварыў я шэптам, проста каб не забыцца сказаць ёй гэта, пакуль яшчэ магу. Яна пачула і заружавела, але нічога не адказала.

Стаўры, вінаваты круцячы хвастом, зазіраў мне ў твар, быццам пытаўся: ну як? Жывём?

— Жывём, — няўпэўнена сказаў я, патрапаўшы сабака па галаве. І дадаў пра сябе: «Пакуль». Паглядзеў, як Сотвар навісае над Ясем, паспрабаваў падняцца, але не здолеў.

— Цішэй, цішэй, рыцар, — супакойвала Нешка. — Іначай рана адкрыецца.

— ...апошнюю песню, княжа, — казаў Ясь. Ён стаяў насупраць раз'юшанага Сотвара — прамы і строгі, са змрочна зведзенымі бровамі, з упартымі вуснамі. Трымаў лютню ашчадна, як трымаюць немаўля, і прыціскаў да сэрца.

Князь шпульнуў ледзяны клінок камусь са сваіх паляўнічых — і той прыняў княжую зброю з пачцівым паклонам, стаў трымаць асцярожна, на выцягнутых руках.

— Дзве твае песні нас не ўразілі, чалавечае дзіця, — сказаў Сотвар здзекліва. — Чаму ж ты думаеш, быццам з трэцяй атрымаецца лепей?

— Пра гэта меркаваць вам, княжа, — азваўся Ясь. — Але абяцанне ёсць абяцанне, і свае я выконваю.

Сотвар нахмурыўся.

— А я выконваю свае, — мовіў ён рэзка. — Добра. Праспявай мне трэці раз і паспрабуй дагадзіць. Іначай...

Ясь моўчкі пакланіўся. Князь вярнуўся на трон, коратка глянуў на мяне і нецярплівым жэстам запрасіў хлопчыка пачынаць.

Нешка напялася, сціснула маю руку ў сваіх. Як зачараваная, сачыла за Ясем. А той узлахмаціў валасы, з хрустам размяў шыю. Абвёў позіркам увесь Двор, паэтаў, паннаў, рыцараў ды паляўнічых. Усміхнуўся ярка, белазуба адразу ўсім.

— Я і праўда не меў рацыі, — загаварыў пачціва. — Калі для такіх спакушаных слухачоў пеў простыя песенькі. Але зараз я не проста спяю — я раскажу гісторыю.

— Якую яшчэ гісторыю? — сярдзіта перапытаў Сотвар. Ён заўважна пачынаў губляць цярплівасць і, падобна, ужо шкадаваў, што адразу не склікаў Дзікі Гон.

— Самую праўдзівую, княжа, — сказаў Ясь. — Бо я заўжды кажу толькі праўду.

Лютня сонечна бліснула ў ягоных руках — ці, можа, мне падалося? Ясь памаўчаў, апусціўшы голаў, а пасля лёгка крануў струны. І тыя загулі, запелі, зазвінелі.

Так, як звіняць пад ветрам хвалі мора верасоў — белых, ліловых і амаль чорных. Так, як звіняць старадаўнія чары, нацягнутыя між іклаў стаячых камянёў. Так, як звіняць па снезе ледзяныя падковы княжага палявання.

І пад гэты верасовы перазвон хлопчык з нашымі вачыма расказваў гісторыю — важкімі, спеўнымі словамі. Вядома ж, праўдзівую, бо ён, гэты хлопчык, ніколі не хлусіць.

Хлопчык казаў пра панну з белымі крыламі — самую прыгожую, самую светлую на свеце панну. Тая шторанка лётала да возера, скідвала там футра з лебядзінага пер'я, і танчыла на серабрыстай вадзе, і спявала.

Між каменных калон сапраўды стала чуваць і плёскат вады, і шолахі ў трыснягу. Белая здань, сатканая з музыкі і абрыўкаў памяці, кружылася ў танцы перад княжым тронам, рассыпаючы серабрысты смех. І Сотвар, сцішаны, глядзеў.

Хлопчык казаў пра маладога паляўнічага, які адной раніцы прамінаў тое возера і пабачыў танец, і пачуў спевы. Яны ўпадабалі адзін аднаго, панна і паляўнічы, і зразумелі гэта, не абмяняўшыся ані слоўцам. Словы ж рэч ненадзейная, часам замінаюць, словы могуць здраджваць і падманваць, але позіркі закаханых — ніколі.