Читать «Вершнікі на дарозе» онлайн - страница 16

Маргарыта Латышкевіч

— Ты, мусіць, забыўся, чалавечы сын, што пяеш пра смяротных і іхнія любошчы, — грэбліва сказаў князь. — Можа, для чалавечых сыноў гэта і цікава, але не для нас, адвечных.

Ясь зноў ускрыкнуў і упаў на калені. Лютня бездапаможна выпала з ягоных рук, вохнуўшы, як жывая. Я шпарка падскочыў да хлопчыка, спрабуючы дапамагчы яму падняцца. Іней укрываў яго цалкам, сівізною ляжаў у валасах, так што падшыванец Ясь быццам састарыўся за лічаныя імгненні. Іней бязлітасна джаліў мае далоні, пакуль я трос хлопчыка, аклікаючы па імені, пакуль я лаяў і яго самога, і ягоную сям'ю да сёмага калена. Ён заплюшчыў вочы, не варушыўся, скурчыўся, скрыжаваўшы рукі на грудзях, і мармытаў пад нос, паўтараў толькі адно:

— Холадна. як жа холадна.

Князь, усміхаючыся, нетаропка спусціўся, з шоргатам цягнучы за сабой барвовы плашч, па прыступках ад трона. Спыніўся на перадапошняй.

— Нам сорамна за цябе, Косткасей, — мовіў Сотвар з дакорам. — Ты, наш рыцар, наш вартаўнік, важдаешся з гэтым шчанюком.

— Майце літасць, княжа. — шэптам узмалілася Нешка, ламаючы рукі. Князь апёк яе ледзяным позіркам, і панна анямела і застыла, толькі па бледных шчоках ліліся слёзы.

Я падняўся, абапіраючыся на меч, вытрымаў позірк Сотвара, не адвёўшы вачэй.

— Гэты хлопчык выйдзе адсюль, — працадзіў я скрозь зубы. — Выйдзе жывы і здаровы. І Гон не прыйдзе па яго. Ні сёння, ні калі-небудзь яшчэ.

— Гэты хлопчык, — злосна адказаў князь. — Прыйшоў сюды сам, не спытаўшы нашага дазволу, не маючы права на гэта. Сын свайго бацькі, як ні паглядзі.

— І сын сваёй маці, — дадаў я. — Ці ж не дае гэта яму права быць тут?

Сотвар звёў бровы, і ўладна працягнуў руку, і зрабіў бы яшчэ адзін — апошні свой — крок да паўпрытомнага Яся, каб я не апярэдзіў яго, засланіўшы хлопчыка сабой.

— Двубой, — здушана прасіпеў я, падымаючы меч і сам не верачы, што раблю гэта. — Двубой!

Ён зірнуў на мяне паўзверх мяча вачыма колеру зыркай сталі. Клянуся, я бачыў, як па лязе

папаўзлі карункавыя марозныя ўзоры.

— Двубой, — тупа паўтарыў я. У галаве было на дзіва пуста, і толькі варочалася і непакоіла атрутная іголка там, злева.

Неба, што ж я такое раблю, кадук мяне вазьмі. Хіба бывае так, каб зброя абярнулася супраць таго, хто трымае дзяржальна? Хіба веру я — хаця б на хвіліну — што магу перамагчы?

— Хай будзе так, — адгукнуўся князь. Падняў руку — і паветра загусцела, набываючы форму, пакорлівае ягонай волі, і з іголак інею вокамгненна саткаўся бледны клінок, ззяйкі і востры.

А пасля клінок рушыў наперад, на мяне, так што я ледзь паспеў падставіць пад удар уласны меч. Удар быў страшны, але, на шчасце, ледзяное лязо слізнула, рассыпаючы іскры, а я вывернуўся, адскочыў убок. Двор паспешліва адступіў, стаў вакол нас шырокім колам, поўным шэптаў і позіркаў, поўным шолахаў.

У гэтым коле мы ўдваіх рухаліся — круціліся адзін за адным, упіваючыся позіркамі, быццам танчылі дурны танец. Я крочыў на паўсагнутых нагах, пасоўваў меч з боку ў бок, падманваючы, хаваючы намеры, цягнучы час.