Читать «Вершнікі на дарозе» онлайн - страница 17

Маргарыта Латышкевіч

Час — вось што трэба. Час, каб дабратворныя чары з рук панны Нешкі дапамаглі аднаму мало­му нахабніку ачуняць. Час.

І я выбіваў для яго імгненні, адно па адным, з паслухмянай сталі, якая ўпарта гула і хрыпела, якая стагнала пад напорам бледнага клінка.

— Дурасць, Косткасей, — казаў Сотвар. — Неба, якая дурасць. Дзеля чалавека падстаўляць уласны карак.

Тут ён зноў ударыў. Клінкі чарговы раз за скрыгатам сышліся, і па лязе майго мяча пабеглі ма­розныя іглы, і холад апёк, і кроў застыла ў жылах.

— Саступі мне, Косткасей, — выціснуў Сотвар з натугаю.

— П-пайшоў ты, — злосна выдыхнуў я. З сілаю пхнуў князя ў калена і, не губляючы часу, адкінуў ад сябе. Ён адляцеў прэч на тры ці чатыры крокі, з цяжкасцю ўтрымаўся на нагах. Князевы вусны скрывіліся, і свабоднаю — праваю — рукою ён павольна адчапіў фібулу, што трымала плашч. Барва аплыла да ягоных ног, расцяклася па каменнай падлозе.

— То ты вінаваты сам, — са скрухаю сказаў Сотвар. І рушыў наперад.

Ён наляцеў бязлітасна і імкліва, быццам зімовая віхура, быццам суровы сівер, што нясе вострыя ледзяшы. Але я і сам стаў віхураю, неўтаймаванай восеньскай непагаддзю з халоднымі грымотамі, з бязлітаснымі навальніцамі. Мы счапіліся, нарэшце — на поўную сілу, мы рвануліся ўверх, так што халодныя агні пужліва разбягаліся, жалобна дзынкаючы, так што раўла і гула драпежная цемрадзь, так што стагналі калоны і скаланаліся гулкія скляпенні.

— Ты сам вінаваты, сам вінаваты, сам, — абвінаваўча выў сівер. — Ты адпусціў яе калісь, адпусціў ад нас, а сёння прывалок гэтага шчанюка, быццам бы на замену ёй!

Ад адной згадкі, ад аднаго слова зноў ажыла праклятая іголка каля сэрца — на імгненне, на нейкі адзін паскудны момант. І на гэты момант стаўшы сабой, а не гнеўнай віхурай, я страціў раўнавагу, і, ужо страціўшы, адчуў боль пад рэбрамі злева, задыхнуўся, захапаў ротам паветра.

І цяжка ўпаў, абрушыўся зверху — ніцма на халодныя каменныя пліты, разбіўшы далоні і калені. Сотвар на крылах ветру павольна апусціўся долу, наблізіўся двума нячутнымі крокамі. Так ступае па зямлі снег.

Лязо ледзянога клінка было зусім блізка ад маіх вачэй, і я бачыў, як сцякаюць па празрыстай паверхні чорныя кроплі крыві. У роце зрабілася салёна і суха, піць захацелася да сутаргі ў горле.

— Ты вінаваты сам, — строга паўтарыў Сотвар і занёс меч. Я, стомлена прыкрыўшы вочы, чакаў удару, але замест гэтага прычакаў голас:

— Здаецца, я вінны вам апошнюю песню, княжа.

— Песню?.. — разгубіўся Сотвар. На сваёй руцэ я адчуў асцярожны дотык мокрага носа. Пасля нехта клапатліва задыхаў мне ў патыліцу і, нарэшце, лізнуў у вуха. Стаўры заскавытаў і адбег, а потым маленькія цёплыя рукі абхапілі мяне і дапамаглі прыўзняцца.

— Падыміся, рыцар, — прашаптала Нешка, і лекавыя чары, простыя, але дзейсныя, плылі ад яе белых рук. Не маглі перамагчы непазбежнае, але адкладалі фінал, супакойвалі і лашчылі. Мілая маленькая радзімка на яе шчацэ яшчэ дваілася ў мяне перад вачыма, але дыхаць ужо было куды лягчэй, і жыццё болей не струменіла ракою, вырываючыся з мяне. Пакідала павольна, па кроплі.