Читать «Вершнікі на дарозе» онлайн - страница 13

Маргарыта Латышкевіч

Хлопчык кінуў граць, але музыка яшчэ гучала, падхопленая самімі камянямі, самою зямлёю. Гучала ў нас, бо мы і ёсць — зямля.

— Хто... — здзіўлена прамармытаў Ясь, углядаючыся ў светлую белую здань. А тая ласкава ўсміхалася яму і цягнула да яго рукі. І глядзела на яго, толькі на яго — доўгае, доўгае імгненне, пакуль яе, цяпер адвечна свабодную, не змыла ветрам, як змывае абрыўкі туману.

Каля ног Нешкі засталася толькі пустая клетка з залатымі прутамі.

І тады над нашымі галовамі грымнула — аглушальна, жудасна, так, што здрыганулася зямля пад нагамі. Драпежныя цені разраслілся, распухлі бязмерна і ўсталі на дыбкі. Падалося, што гэта Неба раскалолася і падае долу, падае на нас — але то даў расколіну курган, і мы з яснага цёплага дня праваліліся ў суцэльную цемрадзь.

З цемрадзі нарадзіліся агні — ласкавае зеленаватае полымя курганоў, халоднае, цякучае, зусім не падобнае да таго, што зырка буяе ў ачагах чалавечых сыноў. Агні ціхутка пазвоньвалі, як сярэбраныя званочкі, і плылі, і смяяліся, выхопліваючы кругамі святла то каменныя пліты са старадаўняю разьбою, то край каляровай фрэскі, то белы твар Нешкі з цёмнаю радзімкай пад левым вокам, то светлую чупрыну падшыванца Яся. Стаўры скавытаў зусім побач, тыцкаўся мокрым носам у маю далонь.

— Ціха, дружа, ціха, — я патрапаў сабака па галаве і раптам адчуў, што ў мяне пачынаюць дрыжаць рукі.

З цемрадзі, нябачныя, глядзелі на нас вочы — многія, многія вочы. Зялёныя, быццам Пушча. Нябачныя, яны шапталі, перагаворваліся, і ад іхніх злавесных шэптаў нават мне рабілася ніякавата. Я з лязгам выцягнуў з похваў меч.

— Толькі паспрабуйце каторы, — паабяцаў я нябачным.

Падшыванец Ясь уздумаў губляць прытомнасць і валіцца з ног, але я паспеў леваю рукою ўхапіць яго пад локаць, утрымаць. Адчуваў: варта хлопчыку толькі паказаць сваю слабасць — і ад яго і крывавага шматочка не пакінуць.

— Так цёмна, дзядзечка, — шаптаў падшыванец. Словы вырываліся з ягоных вуснаў серабрыстымі аблачынкамі марознай пары. — Так холадна.

— Проста ідзі, — адгукаўся я цвёрда. — Ідзі наперад. Наперад.

Нешка падхапіла другую яго руку, тую, што і зараз сціскала лютню.

— Зусім трошачкі, — зацурчала лагодна. — Яшчэ трошачкі пацярпець.

Мы з ёй абое з надзвычайнай яснасцю і скрухай ведалі, чым, хутчэй за ўсё, гэтая дарога для хлопчыка скончыцца. Чым звычайна ўсё заканчваецца для тых смяротных, што трапілі да Сотвара сюды, у падзем'е. І не глядзелі адзін на аднаго, і зацята маўчалі пра гэта, быццам нават адно слова магло пазбавіць надзеі, парушыць кволую раўнавагу на шалях лёсу.

Нейкая асабліва ўчэпістая дрэнь, апярэджваючы падзеі, працягнула кіпцюрастую лапу да Ясева горла. Вырашыла, мабыць, што я раней пажартаваў. Я, не прыглядаючыся, ударыў мячом наводмаш. Цемрадзь зайшлася лямантам, а лапа, усё яшчэ перабіраючы доўгімі пальцамі, засталася ляжаць на камянях.

Зялёныя агні падскоквалі, круціліся і заставаліся вісець цэлымі гронкамі, цэлымі сузор'ямі. Залівалі ўсё зыркім зеленаватым святлом. У вялікай круглай зале між каменных калонаў, што сыходзілі ў непраглядную цемру, сабраўся, мусіць, увесь Двор, усе паэты, усе рыцары, усе пекныя панны, усе зухаватыя паляўнічыя. У золаце, у бляску самацветаў, з тканымі паясамі, з вышыванымі рукавамі, ажно ззяючыя ад прыгажосці. Яны з лёгкім шоргатам расступаліся перад намі, давалі дарогу наперад, туды, дзе на ўзвышэнні стаяў просты драўляны трон.