Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 4

Іван Навуменка

Хоць Рашэль і была настаўніцай, але мне яна не падабалася. Каб не Пека, я наогул бы ўхіляўся ад усялякіх сустрэч з ёю. 3 Пекам жа мы пасябравалі, і я часта без яго не мог абысціся. Мы ўжо гулялі з ім у шахматы, і на гэта кожны раз трэба было прасіць дазволу ў доўгай Рашэлі.

— Будзеш гуляць адну гадзіну,— сонным голасам дазваляла Пеку сястра.— У тваім узросце не трэба затлумліваць галавы...

Пека мяне амаль заўсёды абыгрываў, і я ніяк не мог адыграцца. У тую самую хвіліну, калі я, здавалася, быў на парозе да вернай перамогі, паяўлялася кватарантка і падымала Пеку ад шахматнай дошкі. Яна была, як заведзеная, гэтая Рашэль. Яна прыходзіла тады, калі менш за ўсё была патрэбна, прыму-шала рабіць тое, чаго ніхто не хацеў. Я проста зненавідзеў яе пісклявы голас, яе недарэчную даўжэзную постаць. Пека ж маўчаў і цярпеў. Ён ні разу не агрызнуўся, не запярэчыў сястры. Я нават крыху недалюбліваў за гэта свайго новага сябра. Манах ён нейкі, ці што?..

Нарэшце, канікулы скончыліся. У першы дзень заняткаў я апрануў усё новае — сарочку, штаны, чаравікі. Я адчуваў сябе імяніннікам і з нецярпеннем крочыў па двары, чакаючы Пекі, каб пайсці разам у школу. У душы я таіў надзею, што ў яго новага адзення няма, і па гэтай прычыне мой настрой быў самы ўзнёслы. Новыя штаны былі са складкай і не тапырыліся пухірамі на каленях, белая сарочка прыемна шасцела пры кожным руху. Мне здавалася, што на мае абновы пазірае кожны, хто праходзіць паўзнашу хату. Але на парозе паявіўся Пека, і мая радасць адразу знікла. Ён быў апрануты куды лепш, чым я. На ім быў сапраўдны суконны касцюм, блішчастыя з вузкімі наскамі туфлі і прыгожая з адкладным каўнерыкам шаўковая сарочка. Усё-такі доўгая Рашэль не пашкадавала грошай ва Пеку.

Мы сталі вучыцца ў пятым класе. Пека яшчэ ў першыя дні праславіўся як самы здольны вучань. На другі ці на трэці дзень заняткаў усяму нашаму класу далі рускую дыктоўку. Настаўнік Рыгор Канстанцінавіч, мабыць, спецыяльна для таго, каб праверыць нас, падабраў самы цяжкі тэкст. Я і яшчэ адна вучаніца — другагодніца — напісалі дыктоўку на «здавальняюча», а Пека — на «добра». Ён зрабіў толькі дзве памылкі. Усім астатнім вучням паставілі дрэнныя і вельмі дрэнныя адзнакі. Мы ўтраіх былі героямі дня, і самым галоўным героем быў, вядома, Пека. Рыгор Канстанцінавіч яго хваліў перад усім класам. Я крыху зайздросціў Пеку, бо ў чацвёртым класе самым  моцным па рускай мове лічылі мяне.

Нам з Пекам падабалася вучыцца ў пятым класе, дзе выкладалі некалькі настаўнікаў. Пяты клас проста нельга было параўнаць ні з трэцім, ні з чацвёр-тым. Тут было і цікавей, і весялей. Настаўнікі ў нас падабраліся добрыя, і амаль усе яны называлі нас, пяцікласнікаў, на «вы». Спачатку гэта здавалася мне дзіўным, але паступова я прызвычаіўся да такога абыходжання.