Читать «Пераломны ўзрост» онлайн - страница 2

Іван Навуменка

Не прачытаць «Рабінзона» было б проста сорамна, на гэтым мяне Пека злавіць не мог. Я прачытаў аж тры кнігі пра розных Рабінзонаў, аб чым яму адразу заявіў. Мы досыць доўга шпілялі адзін другога пытаннямі наконт прачытаных кніг і ўрэшце пагадзіліся, што сілы ў нас прыкладна роўныя. Былі кнігі, якіх не чытаў я, трапляліся і такія, якіх не чытаў мой сябар. Галоўнае, мы абодва любілі кнігі і пазналі адзін у адным людзей, блізкіх па духу. Мы ў той вечар так захапіліся ацэнкай вартасці розных пісьменнікаў, што нават не пачулі, як да паркана, які аддзяляў лавачку ад двара, падышла доўгая Пекава сястра.

—  Пека! — пачуўся яе прарэзлівы голас.— Ідзі спаць. Ты ўжо сёння сабе зарабіў...

Пека падхапіўся і, угнуўшы галаву ў плечы, паціху пашкандыбаў у двор. Мне стала крыху няёмка за сябра. Нічога ж дрэннага мы не рабілі.

Але гэты выпадак на першым часе неяк забыўся. Былі справы важнейшыя за крыклівую Пекаву сястру, і мы аддаваліся ім усім сэрцам. Яшчэ не кончылі-ся канікулы, і я з раніцы хадзіў на заробкі — ссякаў на нашай станцыі траву паміж шпаламі і зносіў яе прэч. За гэта мне плацілі цэлых сто дваццаць рублёў у месяц — грошы па даваенным часе немалыя. Прыходзіў я дадому гадзіны ў чатыры, і Пека ўжо чакаў мяне. У маю адсутнасць ён бавіў час з трыма маімі меншымі братамі. Але з імі Пеку было, вядома, нецікава. Двое маіх братоў — Піліп і Кузя — зусім яшчэ не хадзілі ў школу і скакалі верхам на бярозавых кійках, а Васіль, на тры гады малодшы за мяне, перайшоў толькі ў другі клас і не прачытаў яшчэ ніводнай кнігі.

Я прыходзіў, умываўся, хуценька абедаў, і мы з Пекам хаваліся пад павець. Туды разам з намі імкнуліся прабрацца і мае браты, але я іх без літасці праганяў. Пад павеццю мы майстравалі радыёпрыёмнік, і лішнія вочы там былі зусім непатрэбны. 3 прыёмнікам справа і без таго не клеілася. Пакуль што мы зрабілі толькі невялікую скрыначку і перамотвалі катушкі. Галоўную дудку ў нашай агульнай справе іграў, вядома, Пека, я ж быў толькі за падсобную сілу. Сябар часта паказваў мне чудадзейны каменьчык — дэтэктар,— даказваючы, што да пачатку заняткаў мы будзем мець радыё. У яго-такі былі залатыя рукі, у гэтага Пекі. Ён умеў чытаць надрукаваныя ў кніжцы схемы, вельмі спрытна карыстаўся стамескай, напільнікам, кусачкамі. Я пачынаў верыць, што да пачатку заняткаў у нас будзе радыё і што мы з Пекам прынясем у нас пяты «Б» клас самую цікавую навіну.

Але на нашым канструктарскім шляху стаялі неадольныя перашкоды. Розных вінцікаў, шурупак, маткоў меднага дроту ў Пекі хапала, на недахоп матэры-ялаў мы паскардзіцца не маглі. Перашкоды былі куды больш сур'ёзныя. Вечарам якраз прачыналася Пекава сястра Рашэль. Яна вяла сябе наогул дзіўна. Ноччу Рашэль чытала і клалася спаць пад самую раніцу. Раніцай уставала, снедала і зноў засынала. Прачыналася Рашэль у той самы час, калі ў нас ішла гарачая работа. Вядома, каб не мая чыгунка, мы б пачыналі майстраваць радыёпрыёмнік днём. Але выбіраць не прыходзілася: новыя штаны, сарочка і чаравікі, у якіх я збіраўся з'явіцца ў пяты клас, у многім залежалі ад майго заробку.