Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 98

Тор Хейердал

Але навошта яны рабілі гэтыя статуі? I чаму трэба было абавязкова ісці ў другую каменяломню, за сем кіламетраў ад майстэрні ў кратэры, і здабываць там чырвоны камень спецыяльнага гатунку, каб класці яго на галовы фігур? I ў Паўднёвай Амерыцы і на Маркізскіх астравах часта ўся статуя была зроблена з гэтага чырвонага каменя, па які прыходзілася хадзіць вельмі далёка. Чырвоныя галаўныя ўборы ў людзей вышэйшага саслоўя былі характэрнай адзнакай і ў Палінезіі і ў Перу.

Пастараемся спачатку высветліць, чый вобраз увасаблялі статуі. Калі першыя еўрапейцы наведалі востраў Пасхі, яны ўбачылі на беразе таямнічых «белых людзей»; і, што было зусім незвычайна для гэтых плямён, сярод іх сустракаліся мужчыны з доўгімі рыжымі бародамі — патомкі жанчын і дзяцей, якія належалі да першых жыхароў вострава і над якімі злітаваліся захопнікі. Самі астраўляне сцвярджалі, што некаторыя з іх продкаў былі белымі, між тым як астатнія мелі карычневую скуру. Яны дакладна вылічвалі, што з таго часу, як з нейкіх іншых палінезійскіх астравоў прыплылі тыя, у якіх была карычневая скура, мінула дваццаць два пакаленні, у той час як беласкурыя з’явіліся на вялікіх суднах з усходу ажно за пяцьдзесят сем пакаленняў (гэта значыць прыблізна паміж 400 і 500 годам нашай эры). Людзей, што прыйшлі з усходу, называлі «даўгавухімі», бо яны штучна рабілі больш доўгімі свае вушы, падвешваючы да мочак якія-небудзь цяжкія рэчы; таму вушы звісалі ў іх да плеч. Гэтыя таямнічыя «даўгавухія» бЫлі перабіты, калі на востраў з’явіліся «караткавухія»; але ўсе каменныя статуі на востраве Пасхі мелі доўгія, аж да плячэй вушы, як і самі скульптары.

А легенды інкаў у Перу расказваюць, што сонца-кароль Кон-Цікі быў уладаром белых людзей з бародамі, якіх інкі называлі «вялікавухімі», бо яны штучна рабілі больш доўгімі свае вушы, якія выцягваліся ў іх да плячэй. Інкі падкрэслівалі, што забытыя ўсімі гіганцкія статуі ў Андах былі пастаўлены іменна «вялікавухімі» людзьмі Кон-Цікі, да таго як у баі на востраве возера Ціцікака самі інкі часткова перабілі іх, а астатніх прымусілі ўцячы з краіны.

Такім чынам выходзіць, што белыя «вялікавухія» людзі Кон-Цікі, якія зніклі з Перу і паплылі кудысьці на захад, мелі багаты вопыт па стварэнню гіганцкіх каменных статуй, а белыя «даўгавухія» людзі Цікі прыйшлі на востраў Пасхі з усходу і добра разбіраліся ў гэтай самай справе, у якой яны адразу пасля свайго з’яўлення на востраве паказалі сябе закончанымі майстрамі, паколькі на востраве Пасхі нельга знайсці аніякіх слядоў паступовага развіцця гэтага майстэрства.

Параўноўваючы вялікія каменныя статуі на некаторых астравах Паўднёвага мора з такімі ж статуямі ў Перу, мы часта знаходзім між імі больш падабенства, чым паміж маналітамі з розных астравоў Паўднёвага мора. На Маркізскіх астравах і на Таіці такія статуі вядомы пад агульнай назвай Цікі, і там яны ўвасабляюць вобразы продкаў, якія праславіліся ў гісторыі астравоў і пасля смерці былі прыраўнаваны да багоў. Гэтым, бясспрэчна, тлумачыцца і тое, што галовы статуй з вострава Пасхі аздоблены дзіўнымі чырвонымі шапкамі. Як ужо гаварылася, на ўсіх палінезійскіх астравах можна было сустрэць асобных людзей і цэлыя сем’і, якія мелі чырванаватага колеру валасы і светлую скуру; самі астраўляне сцвярджалі, што якраз гэтыя людзі з’яўляюцца патомкамі першых белых людзей, якія жылі на астравах. На некаторых астравах удзельнікі рэлігійных святкаванняў, каб быць падобнымі на сваіх старажытных продкаў, фарбавалі сабе скуру ў белы колер і валасы ў чырвоны. У час штогодняй цырымоніі на востраве Пасхі галоўны ўдзельнік урачыстага свята адразаў сабе валасы, каб можна было пафарбаваць галаву ў чырвоны колер. А вялізныя шапкі з чырвонага каменя на гіганцкіх статуях вострава Пасхі былі высечаны ў форме, характэрнай для мясцовага стылю прычоскі; на іх зверху быў круглы вузел, — ён адпавядаў традыцыйнаму маленькаму вузлу, у які мужчыны звязвалі свае валасы на макаўцы галавы.