Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 99

Тор Хейердал

У статуй на востраве Пасхі былі доўгія вушы, бо і самі скульптары мелі доўгія вушы. Для парыкоў знарок выбіраўся чырвоны камень, бо ў саміх скульптараў былі чырванаватыя валасы. Падбародкі былі вострыя і тырчалі наперад, бо самі скульптары гадавалі бароды. Твары статуй мелі характэрныя рысы белай расы — прамы вузкі нос і тонкія, рэзка акрэсленыя губы, таму што самі скульптары не належалі да малайскай групы народаў. I калі ў статуй былі занадта вялікія галовы і непрапарцыянальна маленькія ногі, а кісці рук былі складзены на жываце, то гэта тлумачыцца тым, што менавіта ў такім, а не іншым выглядзе скульптары прывыклі рабіць гіганцкія статуі ў Перу. Адзінай аздобай статуй на востраве Пасхі з’яўляўся заўсёды пояс на жываце. Такі ж сімвалічны пояс мы бачым на кожнай статуі сярод руін старажытнага горада Кон-Цікі ля возера Ціцікака. Гэта легендарная эмблема сонца-караля — пояс-вясёлка. На востраве Мангарэва існ.аваў міф, паводле якога сонца-бог зняў з сябе вясёлку, якая была яго чароўным поясам, і спусціўся па ёй з неба на востраў Мангарэва, каб засяліць яго сваімі беласкурымі дзецьмі. Калісьці на ўсіх гэтых астравах, як і ў Перу, ссмнца лічылася самым старажытным роданачальнікам.

Мы часта сядзелі на палубе пад зорным небам і без канца гаварылі аб загадкавай гісторыі вострава Пасхі, хоць наш плыт несла проста ў сэрца Палінезіі і мы не мелі ніякіх шанцаў убачыць гэты адзінокі востраў сваімі вачыма, а не на карце. Але на востраве Пасхі захавалася так многа слядоў, якія вядуць на ўсход, што сама яго старажытная назва можа служыць ключом да разгадкі.

Назва «востраў Пасхі» з’явілася на карце таму, што нейкі галандзец «адкрыў» востраў на вялікдзень. I мы забыліся, што самі мясцовыя жыхары, якія ўжо даўно жылі на востраве, мелі для сваёй радзімы больш павучальныя і шматзначныя назвы. У палінезійцаў гэты востраў вядомы не менш чым пад трыма назвамі.