Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 95

Тор Хейердал

Тое ж самае мы назіраем і на астравах Паўднёвага мора. Самыя выразныя сляды цывілізацыі мы знаходзім на бліжэйшым да Перу востраве Пасхі, хоць глеба на гэтым невялікім астраўку сухая і неўрадлівая і хоць ён размешчаны ад Азіі далей, чым усе астатнія ціхаакіянскія астравы.

Мінуўшы палову дарогі, мы праплылі якраз такую адлегласць, якая аддзяляе востраў Пасхі ад Перу, і гэты легендарны востраў ляжаў на поўдзень ад нас. Стараючыся ісці звычайным шляхам плыта ў акіяне, мы адплылі ад мацерыка ў вельмі зручным месцы — пасярэдзіне перуанскага ўзбярэжжа. Калі б мы адплылі ў месцы, размешчаным крыху на поўдзень, бліжэй да Ціахуанаке, зруйнаванай сталіцы Кон-Цікі, дык мы ішлі б з тым жа ветрам, але ў больш слабай плыні, і яна панесла б нас у напрамку да вострава Пасхі.

Калі мы мінулі 110° заходняй даўжыні, мы апынуліся ўжо ў палінезійскай акіянічнай вобласці, паколькі палінезійскі востраў Пасхі быў цяпер да Перу бліжэй, чым мы. Мы знаходзіліся на адным мерыдыяне з першым аванпостам астравоў Паўднёвага мора, цэнтрам самай старажытнай астраўной цывілізацыі. Вечарамі, пасля таго як распалены пуцяводны шар апускаўся да небасхілу і ў суправаджэнні ўсіх колераў спектра знікаў у акіяне на захадзе, лёгкі пасат уваскрашаў у памяці расказы пра незвычайныя таямніцы вострава Пасхі. Начное неба згладжвала ўсякае ўяўленне аб часе, а галовы барадатых веліканаў зноў вырысоўваліся на парусе.

Але далёка на поўдні, на востраве Пасхі, стаяць высечаныя з каменя яшчэ больш гіганцкія галовы з вострай барадой і рысамі твару белых людзей, стаяць у роздуме над таямніцамі стагоддзяў. Так стаялі яны, калі першыя еўрапейцы адкрылі востраў у 1722 годзе, і так стаялі яны дваццаццю двума палінезійскімі пакаленнямі раней, калі продкі цяперашніх жыхароў высадзіліся са сваіх чаўноў і знішчылі ўсіх, хто трапіў ім у рукі, дарослых мужчын таямнічага цывілізаванага народа, які насяляў гэты востраў. З таго часу гіганцкія каменныя галовы на востраве Пасхі лічацца адной з самых невырашальных таямніц старажытасці. Тут і там на схілах узгоркаў гэтага бязлеснага вострава ўзнімаліся да неба вялізныя статуі — каменныя калосы, цудоўныя фігуры людзей, высечаныя з адной глыбы вышынёю з трох- або чатырохпавярховы дом. Як маглі старажытныя людзі надаць форму гэтым гіганцкім каменным калосам, а потым перанесці і паставіць іх? I, быццам гэтага ім яшчэ было мала, яны ўмудрыліся на галовах некаторых статуй, на вышыні дванаццаці метраў над зямлёй, паставіць у раўнавазе дадатковую гіганцкую глыбу чырвонага каменя, якая нагадвала вялізны парык. Што гэта ўсё азначала і якімі ведамі ў галіне механікі валодалі гэтыя знікшыя архітэктары, калі яны вырашалі праблемы, даволі цяжкія і для лепшых сучасных інжынераў?

Урэшце, калі супаставіць усе даныя, то таямніца вострава Пасхі, бадай што, не з’яўляецца невырашальнай; ключом да гэтай загадкі могуць быць людзі з Перу, што прыплылі на плытах. На гэтым востраве старажытная цывілізацыя пакінула такія сляды, якія не мог сцерці сам час. Востраў Пасхі з’яўляецца вяршыняй старажытнага патухшага вулкана. Брукаваныя дарогі, пракладзеныя старажытнымі цывілізаванымі жыхарамі, вядуць да месцаў высадкі на ўзбярэжжы, якія добра захаваліся, і гэта даказвае, што глыбіня вады вакол вострава не змянілася да нашых дзён. Гэта не рэшткі мацерыка, які апусціўся ў ваду, а малюсенькі закінуты востраў, які быў такім жа маленькім і адзінокім і тады, калі ён з’яўляўся культурным цэнтрам Ціхага акіяна.