Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 94

Тор Хейердал

Калі мы зноў вылазілі на плыт, мы часта садзіліся вакол парафінавага ліхтара на бамбукавай палубе і гаварылі аб мараплаўцах з Перу, якія паўтары тысячы год назад зведалі тое самае. Ад ліхтароў на парус клаліся вялізныя цені барадатых людзей, і мы думалі аб белых людзях з барадой, сляды знаходжання якіх мы сустракалі ў міфалогіі і архітэктуры на ўсёй прасторы ад Мексікі да Цэнтральнай Амерыкі і ў паўночна-заходняй частцы Паўднёвай Амерыкі аж да Перу. Там таямнічая цывілізацыя перад прыходам інкаў знікае, быццам па ўзмаху чарадзейнай палачкі, і гэтак жа раптоўна з’яўляецца на адзінокіх астравах на захадзе, да якіх мы цяпер набліжаліся. Магчыма, гэтыя вандроўныя настаўнікі належалі да старажытнага цывілізаванага народа, што жыў за Атлантычным акіянам і ў даўно мінулыя часы пераплыў яго такім жа простым спосабам, скарыстаўшы заходнюю акіянскую плынь і пасат, якія даставілі іх з Канарскіх астравоў у Мексіканскі заліў? Вядома, гэтая адлегласць была куды карацейшай, чым тая, якую мы пераадольваем, а мы больш не верылі, што акіян з’яўляецца абсалютна ізалюючым фактарам. Шмат якія даследчыкі на падставе важкіх довадаў сцвярджалі, што вялікія індзейскія цывілізацыі — ад ацтэкаў у Мексіцы да інкаў у Перу — з’явіліся ў выніку нечаканых міграцыйных хваль; хвалі гэтыя прыходзілі з-за акіяна з усходу, у той час як амерыканскія індзейцы ў цэлым ёсць не што іншае як азіяцкія паляўнічыя і рыбацкія плямёны, якія на працягу 20 тысяч год або нават больш доўгага часу прасачыліся ў Амерыку з Сібіры. Нас, безумоўна, павінна здзіўляць тая акалічнасць, што мы не знаходзім ніякіх слядоў паступовага развіцця вялікіх цывілізацый, якія калісьці распаўсюджваліся ад Мексікі да Перу. Чым глыбей у зямлю ішлі раскопкі археолагаў, тым больш высокую культуру яны знаходзілі, пакуль не дасягалася пэўная мяжа, якая яскрава сведчыла аб тым, што старажытныя цывілізацыі ўзніклі, не маючы ніякіх карэнняў у першабытных культурах.

I цывілізацыі ўзніклі там, куды падыходзіць атлантычная плынь, — сярод пустыняў і джунгляў у Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, а не ў раёнах з больш умераным кліматам, дзе ўмовы для развіцця цывілізацый і ў старажытнасці і ў сучасную эпоху былі куды больш спрыяльныя.