Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 90

Тор Хейердал

Вядома, у далейшым рулявы мог стаяць ля кіля, падымаючы і апускаючы яго ў шчыліны, замест таго каб цягнуць то ў адзін, то ў другі бок вяроўкі рулявога вясла; але мы ўжо так прывыклі да вясла, што лічылі за лепшае кіраваць ім, устанавіўшы з дапамогай кіляў толькі агульны курс.

Наступная знамянальная веха на нашым шляху была такая ж нябачная, як і водмель, што існавала толькі на карце.

Гэта адбылося на сорак пяты дзень нашага падарожжа па акіяну; мы прайшлі ад 78° заходняй даўжыні да 108° і знаходзіліся роўна на паўдарозе да бліжэйшых астравоў наперадзе. Між намі і Паўднёвай Амерыкай на ўсходзе было больш за 2 тысячы міль, і такая ж адлегласць аддзяляла нас ад Палінезіі на захадзе. Самай блізкай сушай былі астравы Галапагос на ўсход-паўночны ўсход і востраў Пасхі на поўдзень, але і да іх больш чым на 500 міль распасціраўся бязмежны акіян. Мы не бачылі, ды і не маглі ўбачыць ніводнага карабля, бо па гэтай частцы Ціхага акіяна не пралягалі звычайныя параходныя шляхі.

Але, шчыра кажучы, мы не адчувалі гэтых вялізных адлегласцей; гарызонт непрыкметна рухаўся разам з намі, і наш плывучы свет заставаўся ўвесь час нязменным — абмежаваны небасхілам круг, што ўзнімаўся да неба, плыт у цэнтры круга і ўсё тыя ж зоркі, якія ноч пры ночы павольна рухаліся над намі.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

ПА ЦІXІМ АКІЯНЕ. ІІ

Пацешнае судна. — У гумавай лодцы сярод акіяна. — Небяспечная неасцярожнасць. — Бязмежная сінь. — Сярод акіяна ў бамбукавай хаціне. — На мерыдыяне вострава Пасхі. — Таямніца вострава Пасхі. — Каменныя гіганты. — Парыкі з чырвонага каменя. — «Даўгавухія». — Цікі — сувязное звяно. — Шматзначныя геаграфічныя назвы. — Мы ловім акулу рукамі. — Папугай. — Пазыўныя 12В. — Плаванне па зорках. — Тры хвалі. — Шторм. — Крывавая лазня ў акіяне, крывавая лазня на плыце. — Чалавек за бортам. — Яшчэ адзін шторм. — «Кон-Цікі» дажывае свой век. — Вестуны з Палінезіі.

Калі мора бывала не надта бурным, мы часта выязджалі на маленькай гумавай лодцы і рабілі здымкі. Я ніколі не забуду нашай першай спробы. Акіян быў такі спакойны, што дваім з нас захацелася спусціць на ваду маленькую лодку, падобную на паветраны шар, і крыху папрацаваць вёсламі. Толькі яны адплылі ад плыта, як адразу ж пакінулі веславаць і пачалі рагатаць на ўсё горла. Іх адносіла ўсё далей, яны то знікалі між хвалямі, то зноў паказваліся, і кожны раз, варта было ім толькі кінуць позірк на нас, як яны зноў так гучна смяяліся, што іх галасы звінелі над пустэльным акіянам. Нічога не разумеючы, мы азіраліся навакол і не бачылі нічога камічнага, калі не лічыць нашых уласных кудлатых галоў і барадатых твараў; але паколькі два таварышы, што знаходзіліся ў лодцы, павінны былі ўжо да гэтага прывыкнуць, у нас закралася думка, што яны раптам звар’яцелі. Магчыма, сонечны ўдар. Абодва хлопцы, зусім абяссілеўшы ад смеху, насілу вылезлі з лодкі назад на «Кон-Цікі» і, цяжка дыхаючы, са слязьмі на вачах пачалі ўгаворваць нас праехацца і паглядзець самім.