Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 89

Тор Хейердал

У час гэтага маленькага падарожжа да неіснуючага рыфа мы пачалі разумець, якую ролю адыгрываюць выстаўныя кілі; а калі пазней Герман і Кнут, нырнуўшы ўдвух пад плыт, вызвалілі пяты кіль, мы даведаліся аб гэтых цікавых дошках яшчэ больш — даведаліся тое, чаго ніхто не разумеў з таго часу, як самі індзейцы перасталі займацца гэтым забытым спортам. Тое, што дошка выконвала ролю кіля і давала плыту магчымасць рухацца пад вуглом да ветру, было нам зразумела. Але калі мы чыталі ў старажытных іспанскіх гісторыкаў, што індзейцы да пэўнай ступені «кіруюць» сваімі бальзавымі плытамі ў акіяне з дапамогай «своеасаблівых выстаўных кіляў, якія яны прасоўваюць у шчыліны паміж бярвеннямі», гэта здавалася зусім незразумелым і нам і ўсім астатнім, хто займаўся гэтым пытаннем. Выстаўны ж кіль проста заганяўся ў вузкую шчыліну і быў нерухомы; ён не мог паварочвацца ў бакі і служыць замест руля.

Таямніца была разгадана пры наступных абставінах. Дзьмуў роўны вецер, і акіян зноў супакоіўся, так што на працягу некалькіх дзён нам не трэба было нават дакранацца да прывязанага рулявога вясла, для таго каб трымаць «Кон-Цікі» ў патрэбным напрамку. Мы засунулі вылаўлены кіль у шчыліну на карме, і ў той жа момант «Кон-Цікі» змяніў курс на некалькі градусаў з захаду на паўночны захад, а потым зноў паплыў спакойна і роўна па новаму курсу. Калі мы выцягнулі кіль назад, плыт павярнуў на ранейшы курс. А варта было нам выцягнуць дошку толькі напалавіну, як і плыт таксама паварочваў на стары курс толькі напалавіну. Проста падымаючы і апускаючы кіль, мы маглі змяняць курс і трымацца яго, не дакранаючыся да рулявога вясла. У гэтым і заключалася дасціпная выдумка інкаў. Яны распрацавалі нескладаную сістэму рычагоў, у якой, паколькі вецер ціснуў на парус, мачта з’яўлялася нерухомым пунктам. Плячыма рычага былі часткі плыта спераду ад мачты і ззаду ад яе. Калі агульная паверхня кіляў спераду была большая, нос плыта лёгка паварочваўся ў бок ветру, а калі паверхня кіляў ззаду была большая, у бок ветру паварочвалася карма. Уплыў бліжэйшых да мачты кіляў — у адпаведнасці з законам аб суадносінах паміж даўжынёй пляча і сілай — быў самым слабым. Калі вецер дзьмуў з кармы, выстаўныя кілі пераставалі дзейнічаць; тады, для таго каб плыт ішоў роўна, неабходна было ўвесь час працаваць рулявым вяслом. У такім выпадку плыт ішоў проста туды, куды гнаў яго вецер; апрача таго, выяўлялася, што плыт крыху даўжэўшы, чым гэта трэба, для таго каб лёгка слізгаць па хвалях. А паколькі дзверы каюты і месца, дзе мы абедалі, знаходзіліся з правага боку, мы заўсёды стараліся, каб хвалі набягалі на плыт ззаду пад вуглом злева.