Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 6

Тор Хейердал

— Цікі, — роўным голасам гаварыў стары, — быў і богам і правадыром. Гэта Цікі прывёў маіх продкаў на астравы, на якіх мы цяпер жывём. Раней мы жылі ў вялікай краіне за морам.

Стары паварушыў кіем вуголле, каб не даць яму патухнуць. Ён сядзеў і думаў. Ён жыў у мінулым і быў моцна звязаны з ім. Ён пакланяўся сваім продкам і іх подзвігам тых далёкіх часоў, калі продкі былі багамі. А ў будучым ён спадзяваўся далучыцца да іх. Стары Тэі Тэтуа быў адзіным жывым прадстаўніком вымершых плямёнаў, якія раней насялялі ўсходні бераг вострава Фату-Хіва. Ён сам не ведаў, колькі яму год, але яго маршчыністая, быццам выдубленая карычневая скура мела такі выгляд, нібы яна сушылася на сонцы і ветры сотню гадоў. Ён быў, вядома, адным з нямногіх жыхароў гэтых астравоў, якія памяталі легендарныя расказы бацькоў і дзядоў пра вялікага палінезійскага правадыра — бога Цікі, сына сонца, і верылі ў іх.

Калі тою ноччу мы ляглі спаць у маленькай хаціне на палях, расказы старога Тэі Тэтуа аб Цікі і старажытнай радзіме астраўлян за акіянам неадступна стаялі ў маіх вушах пад акампанемент глухога выцця далёкага прыбою. Яны гучалі, як голас даўно мінулых дзён, які, здавалася, штосьці нашэптваў у начной цішыні. Я не мог заснуць. Час быццам перастаў існаваць, і Цікі са сваімі мараплаўцамі ўпершыню высаджваўся ў пене прыбою на бераг вострава. Раптам мне ў галаву прыйшла адна думка, і я сказаў жонцы:

— Слухай, ты звярнула ўвагу на тое, што вялізныя каменныя статуі Цікі наверсе ў джунглях на дзіва падобны на гіганцкія маналітныя помнікі знікшых цывілізацый у Паўднёвай Амерыцы?

Я быў упэўнены, што выццё буруноў пацвердзіла мае словы. А потым я паступова перастаў іх чуць і заснуў.

Напэўна, з гэтага ўсё і пачалося. Ва ўсякім разе, з гэтага пачаўся шэраг падзей, якія ўрэшце прывялі да таго, што шэсць чалавек і зялёны папугай адплылі на плыце ад берагоў Паўднёвай Амерыкі.

Я памятаю, як спалохаўся мой бацька і здзівіліся мая маці і сябры, калі, вярнуўшыся ў Нарвегію, я перадаў свае слоікі з насякомымі і рыбамі, што прывёз з Фату-Хівы, Заалагічнаму музею ўніверсітэта. Я вырашыў кінуць заалогію і ўзяцца за вывучэнне першабытных народаў. Мяне захапілі нераскрытыя таямніцы Паўднёвага мора. Павінна ж існаваць нейкае разумнае тлумачэнне іх — і я паставіў сабе на мэце вывучыць усё, што было вядома аб легендарным герою Цікі.

У наступныя гады буруны і напаўразбураныя помнікі ў джунглях былі для мяне чымсьці накшталт далёкага прывіднага сну, які з’яўляўся фонам і акампанементам да маіх заняткаў па вывучэнню плямён, што насялялі астравы Ціхага акіяна. Спробы зразумець думкі і паводзіны першабытных людзей толькі з дапамогай кніг і музейных калекцый, вядома, марны, але гэтак жа марна было б для сучаснага даследчыка старацца на ўласным вопыце зразумець усю прамудрасць, сабраную ў кнігах, якія займаюць усяго адну паліцу.

Навуковыя працы, хронікі эпохі першых даследаванняў, незлічоныя калекцыі ў музеях Еўропы і Амерыкі давалі багаты матэрыял, які мог дапамагчы у вырашэнні загадкі, што так цікавіла мяне. Пачынаючы з таго часу, як еўрапейцы, пасля адкрыцця Амерыкі, упершыню даплылі да астравоў Ціхага акіяна, вучоныя ўсіх спецыяльнасцей сабралі безліч фактаў аб жыхарах Паўднёвага мора і аб усіх народах, якія насялялі навакольныя краіны. Але думкі вучоных рэзка разыходзіліся і ў пытанні аб паходжанні гэтага адасобленага астраўнога насельніцтва і ў вызначэнні прычын, якімі можна было б растлумачыць той факт, што гэты тып людзей сустракаецца толькі на ізаляваных астравах ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна.