Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 67

Тор Хейердал

З карабля ўбачылі б на карме плыта загарэлага барадатага голага чалавека, які цягне за пераблытаныя вяроўкі, шалёна змагаючыся з доўгім рулявым вяслом, або — калі надвор’е добрае — проста сядзіць на скрыні, дрэмлючы на гарачым сонцы, і злёгку прытрымлівае пальцамі ног рулявое вясло.

Калі Бенгта не было ля руля, то яго можна было знайсці ў дзвярах каюты, дзе ён, лежачы на жываце, чытаў адну са сваіх сямідзесяці трох кніг па сацыялогіі. Апрача таго, Бенгт выконваў абавязкі аканома і павінен быў штодзённа складаць меню. Германа ў любы час дня можна было бачыць літаральна ўсюды — на верхавіне мачты з метэаралагічнымі прыладамі, пад плытом у вадалазных акулярах за аглядам кіля або ў прывязанай да плыта гумавай лодцы, занятага паветранымі шарамі і нейкім дзіўным вымяральным апаратам. Ён быў у нас начальнікам тэхнічнай часткі і нёс адказнасць за метэаралагічныя і гідраграфічныя назіранні.

Кнут і Тарстэйн заўсёды штосьці рабілі са сваімі напаўсухімі батарэямі, паяльнікамі і схемамі. Для таго каб іх маленькая радыёстанцыя працавала сярод пырскаў і сырасці, на вышыні 30 сантыметраў над паверхняй вады, патрабаваўся ўвесь вопыт, набыты імі ў час вайны. Кожную ноч яны па чарзе пасылалі ў эфір звесткі аб надвор’і. Іх прымалі выпадковыя радыёаматары і перадавалі затым Метэаралагічнаму інстытуту ў Вашынгтон і ў іншыя адрасы. Эрык звычайна сядзеў на палубе, папраўляў парусы і сплятаў канцы вяровак; часам ён выразаў што-небудзь з дрэва або маляваў на паперы барадатых людзей і незвычайных рыбін. Штодзённа, роўна ў поўдзень, ён браў секстант і залазіў на скрыню, каб глянуць на сонца і вызначыць, колькі мы праплылі за мінулыя суткі. У мяне таксама хапала работы: я вёў суднавы журнал, пісаў справаздачы, збіраў планктон, лавіў рыбу, рабіў кіназдымкі. У кожнага быў свой занятак, свая работа, за якую ён адказваў, і ніхто не ўмешваўся ў справы другіх. Усе менш прыемныя работы, як вахта ля руля і прыгатаванне ежы, выконваліся па чарзе. Кожнаму даводзілася праводзіць ля рулявога вясла па дзве гадзіны днём і па дзве гадзіны ноччу. А абавязкі кока кожны з нас выконваў па раскладу дзённых дзяжурстваў. На плыце было не так многа законаў і правілаў: стоячы ўночы на вахце, неабходна абавязкова абвязвацца вяроўкай, выратавальная вяроўка павінна знаходзіцца на пэўным месцы, у каюце няможна есці, а «прыбіральняй» з’яўляецца толькі самы далёкі канец кармавога бервяна. Калі трэба было прыняць важнае рашэнне, мы на манер індзейцаў склікалі ваенны савет і, перш чым што-небудзь пастанавіць, усе разам абмяркоўвалі пытанне.

Звычайна дзень на борце «Кон-Цікі» пачынаўся з таго, што той, хго стаяў апошнім на начной вахце, раскатурхваў кока, і заспаны кухар, вылезшы на мокрую ад расы палубу, залітую ранішнім сонцам, перш за ўсё пачынаў збіраць лятучых рыб. Замест таго каб есці рыбу сырой, як гэта было заведзена ў палінезійцаў і перуанцаў, мы смажылі яе на невялікім прымусе, што стаяў унутры скрыні, моцна прывязанай да палубы перад дзвярыма каюты. Гэтая скрыня была нашай кухняй. Сюды не залятаў вецер — паўднёва-ўсходні пасат, ад якога цяжка было схавацца дзе-небудзь у іншым месцы на плыце. Толькі ў тых выпадках, калі вецер і хвалі занадта энергічна забаўляліся з полымем прымуса, драўляная скрыня загаралася; аднойчы, калі кок заснуў, усю скрыню ахапіла полымем, якое перакінулася на сцяну бамбукавай каюты. Але як толькі дым пранік у каюту, агонь быў зараз жа патушаны: на «Кон-Цікі» хадзіць па ваду было недалёка.