Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 65

Тор Хейердал

Кітовая акула кружыла вакол нас каля гадзіны, але нам здавалася, што яе візіт працягваўся цэлы дзень. Нарэшце Эрык, які стаяў з двухмятровым гарпуном на рагу плыта, не вытрымаў і, падбадзёраны нашымі недарэчнымі крыкамі, замахнуўся гарпуном. Кітовая акула павольна слізгала ў напрамку да яго і высунула сваю шырокую галаву якраз ля самага рога плыта. Эрык — сапраўдны асілак — на ўсю моц узмахнуў гарпуном і ўсадзіў яго ў кашчавую галаву акулы.

Прайшло некалькі секунд, перш чым страшыдла як след зразумела, што адбылося. I тады, як згледзець вокам, мірная прыдуркаватая жывёліна ператварылася ў гару стальных мускулаў. Мы пачулі, як са свістам праляцела над бортам вяроўка гарпуна, і ўбачылі фантан вады, калі страшыдла галавой уніз нырнула ў глыбіню. Тры чалавекі, што стаялі бліжэй за іншых, былі збіты з ног; пралятаючы ў паветры, вяроўка балюча сцебанула дваіх з іх. Тоўсты канат, дастаткова моцны, каб утрымаць шлюпку, зачапіўся за край плыта, але адразу ж лопнуў, нібы кавалак шпагату, а праз некалькі секунд выкінутае дрэўка гарпуна паказалася на паверхні вады за дзвесце метраў ад нас. Чарада напалоханых лоцманаў прамільгнула ў вадзе, з усяе сілы стараючыся дагнаць свайго старога гаспадара і ўладара.

Мы доўга чакалі, што страшыдла, нібы падводная лодка, прымчыцца назад; але нам больш не давялося ўбачыць кітовую акулу.

Цяпер мы знаходзіліся ў Паўднёвай экватарыяльнай плыні і рухаліся ў заходнім напрамку роўна за 400 міль на поўдзень ад астравоў Галапагос. Пагроза таго, што нас аднясе да галапагоскіх плыняў, мінула; усё наша знаёмства з гэтым архіпелагам абмежавалася паклонамі, якія нам перадавалі вялікія марскія чарапахі, што заплывалі так далёка ў акіян, несумненна, з гэтых астравоў. Аднойчы мы ўбачылі вялізную марскую чарапаху зусім блізка ад плыта. Яна плюхалася ў вадзе, высунуўшы на паверхню галаву і адну нагу. Калі ўзняўся зыб, мы заўважылі ў вадзе пад чарапахай зялёныя, сінія і залацістыя цені і зразумелі, што чарапаха змагаецца не на жыццё, а на смерць з залатымі макрэлямі. Бой вёўся яўна адным бокам: 12—15 вялікагаловых, ярка афарбаваных макрэлей атакавалі шыю і ногі чарапахі, відаць, спрабуючы даканаць яе зморам, паколькі чарапаха не можа праляжаць цэлы дзень на бруху, уцягнуўшы галаву і ногі пад шчыт.

Як толькі чарапаха заўважыла плыт, яна нырнула і паплыла проста да нас, а ўслед за ёю, даганяючы яе, рушылі зіхатлівыя залатыя макрэлі. Чарапаха падплыла да самага краю плыта і, напэўна, мела намер ускараскацца на бярвенні, як раптам убачыла нас. Калі б мы былі больш спрактыкаваныя, мы лёгка маглі б злавіць яе вяроўкамі, пакуль яе вялікі шчыт пазольна праплываў уздоўж плыта. Але мы прапусцілі зручны момант, занадта доўга разглядаючы яе, і калі пятля была гатова, гіганцкая чарапаха ўжо мінула нос плыта. Мы спусцілі на ваду маленькую гумавую лодку, і Герман, Бенгт і Тарстэйн кінуліся наўздагон у круглай шкарлупіне, якая была толькі крыху большай за тую, што плыла наперадзе. Бенгт як наш аканом у думках ужо смакаваў розныя мясныя стравы і цудоўны суп з чарапахі. Але чым мацней веславалі нашы таварышы, тым хутчэй рухалася пад вадой, амаль на самай паверхні, і чарапаха; не паспелі яны адплыць ад плыта на сотню метраў, як чарапаха раптам бясследна знікла. Што б там ні было, але хлопцы зрабілі адну добрую справу. Калі маленькая жоўтая гумавая лодка, танцуючы на хвалях, накіравалася назад, уся чарада зіхатлівых залатых макрэлей рынулася за ёю. Яны кружыліся вакол новай чарапахі, і самыя смелыя спрабавалі схапіць лопасці вёслаў, што апускаліся ў ваду, нібы ногі чарапахі, за якой яны дагэтуль гналіся. Тым часам мірная чарапаха шчасліва збавілася ад усіх сваіх нахабных ворагаў.