Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 64

Тор Хейердал

Залатая макрэль, кілаграмаў дзесяць вагой, насаджаная на шэсць самых вялікіх рыбалоўных кручкоў, вісела ззаду плыта як прынада для акул; лоцманы натрапілі на залатую макрэль, патыкаліся носам, не чапаючы яе, а потым заспяшаліся назад да свайго гаспадара і ўладара, марскога цара. Нібы механічная пачвара, ён пусціў у ход сваю машыну і, лёгка слізгаючы ў вадзе, наблізіўся да залатой макрэлі, якая ляжала перад яго пашчай. Мы асцярожна падцягнулі прынаду да самага краю плыта, і марское страшыдла павольна рушыла за ёю. Яно не разяўляла рота, быццам лічачы, што не варта расчыняць насцеж дзверы дзеля такой нікчэмнай дробязі, як макрэль, што стукалася аб яго пашчу. Калі гігант падсунуўся да самага плыта, ён пацёрся спіною аб цяжкае рулявое вясло, і яно адразу выскачыла з вады. Цяпер мы мелі поўную магчымасць разгледзець страшыдла з самай блізкай адлегласці — з такой блізкай адлегласці, што, убачыўшы гэтае невыказна фантастычнае відовішча, мы ўсе нібы звар’яцелі і, недарэчна рагочучы, пачалі штосьці ўзбуджана крычаць. Сам Уолт Дзісней, пры ўсёй сіле сваёй фантазіі, не мог бы стварыць больш пачварнае марское страшыдла, чым тое, што раптам апынулася каля нас, варушачы жахлівымі сківіцамі ля краю плыта.

Страшыдла было, як выявілася, кітовай акулай, самай вялікай акулай і самай вялікай рыбай у свеце, якая толькі вядома ў нашы дні.

Яна сустракаецца выключна рэдка, але асобныя экземпляры сям-там трапляліся ў акіянах пад тропікамі. Кітовая акула ў сярэднім мае ў даўжыню 15 метраў і важыць, як сцвярджаюць заолагі, 15 тон. Кажуць, што буйныя экземпляры іншы раз дасягаюць у даўжыню 20 метраў; у забітага з дапамогай гарпуна дзіцяняці печань важыла 300 кілаграмаў, а ў шырокай пашчы налічвалася каля 3 тысяч зубоў.

Страшыдла было такое вялізнае, што, калі яно пачало апісваць кругі вакол плыта і пад ім, яго галава відаць была з аднаго боку, а ўвесь хвост тырчаў з другога. А спераду яго морда здавалася такой непраўдападобна вычварнаю, флегматычнаю і дурною, што мы не маглі ўтрымацца ад смеху, хоць добра разумелі, што хвост страшыдла меў дастаткова сілы, каб у выпадку нападу разматлашыць на кавалкі і бальзавыя бярвенні, і вяроўкі, што звязвалі іх. Зноў і зноў апісвала кітовая акула ўсё вузейшыя кругі пад самым плытом, а мы маглі толькі назіраць і чакаць, што будзе далей. Праплываючы міма кармы, акула мірна і плаўна праходзіла пад рулявым вяслом і прыўзнімала яго ў паветра, між тым як лопасць вясла слізгала ўздоўж яе спіны. Мы стаялі з усіх бакоў палубы з ручнымі гарпунамі напагатове, але яны здаваліся нам чымсьці накшталт зубачыстак у параўнанні з вялізнай жывёлінай, з якой нам трэба было вытрымаць бой. Не было ніякіх адзнак таго, што кітовая акула збіраецца пакінуць нас; яна кружыла вакол плыта і плыла ўслед за намі, нібы верны сабака. Ніхто з нас ніколі дагэтуль не адчуваў і нават не думаў, што яму давядзецца адчуць штосьці падобнае; уся гэтая прыгода з марскім страшыдлам, якое плавала ззаду плыта і пад ім, здавалася нам да такой ступені незвычайнай, што мы сапраўды не маглі паставіцца да яе сур’ёзна.