Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 3

Тор Хейердал

Гіпотэза аб азіяцкім паходжанні палінезійцаў, нягледзячы на экспедыцыю Хейердала і з’яўленне яго кнігі, па-ранейшаму застаецца найбольш абгрунтаванай.

Але Хейердал сабраў шмат новых фактаў для пацвярджэння «амерыканскай» гіпотэзы, і справа будучых даследчыкаў вырашыць, наколькі вялікая доля амерыканскага элемента ў культуры палінезійцаў і ў фарміраванні гэтага народа.

Падарожжа Хейердала трэба лічыць адной з самых цудоўных і смелых навуковых экспедыцый нашага часу, а кнігу яго — самай цікавай аповесцю аб падарожжах. Нездарма за шэсць год — з часу выхаду ў свет першага нарвежскага выдання ў 1948 годзе і да сярэдзіны 1954 года — кніга Хейердала выйшла за мяжой шматлікімі выданнямі агульным тыражом больш за 2 500 тысяч экземпляраў: тыраж дагэтуль нечуваны і неверагодны ў капіталістычным свеце для кнігі аб навуковай экспедыцыі.

С. В. Обручаў

РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ

ТЭОРЫЯ

Позірк на мінулае. — Стары з вострава Фату-Хіва. — Вецер і плынь. — Пошукі Цікі. — Хто засяліў Палінезію? — Загадка Паўднёвага мора. — Тэорыя і факты. — Легенда пра Кон-Цікі і белую расу. — Пачатак вайны.

Часам вы можаце апынуцца ў незвычайным становішчы. Усё дагэтуль адбывалася паступова, самым натуральным чынам; і калі ўжо вярнуцца назад ніяк нельга, вы раптам пачынаеце дзівіцца і пытаць у самога сябе, як вы да гэтага дайшлі.

Так, напрыклад, калі вы выбраліся ў плаванне па акіяну на драўляным плыце з папугаем і пяццю спадарожнікамі, то раней ці пазней непазбежна здарыцца наступнае: аднойчы цудоўным ранкам вы прачняцеся ў акіяне, выспаўшыся, магчыма, лепш, чым звычайна, і пачняце думаць аб тым, як вы тут апынуліся.

Адным такім ранкам я сядзеў, запісваючы ў мокрым ад расы суднавым журнале:

«17 мая. Дзень незалежнасці Нарвегіі. Мора бурнае. Вецер даволі моцны. Сёння я выконваю абавязкі кока і знайшоў сем лятучых рыб на палубе, аднаго кальмара на даху каюты і адну невядомую рыбіну ў спальным мяшку Тарстэйна...»

Тут аловак спыніўся, і непазбежная думка пачала падкрадвацца: дзіўнае, аднак, семнаццатае мая; ды і ўсё навокал сапраўды досыць незвычайнае. З чаго гэта ўсё пачалося?

Злева перад маімі вачыма рассцілаўся неабсяжны прастор сіняга акіяна, хвалі якога, няспынна гонячыся за гарызонтам, з шыпеннем каціліся зусім побач. Калі я паварочваўся направа, я бачыў цёмную каюту і барадатага чалавека, які ляжаў у ёй на спіне і чытаў Гётэ; пальцамі голых ног гэты чалавек моцна ўпіраўся ў крацісты пераплёт нізкага бамбукавага даху маленькай хісткай каюты, што была нашым домам.