Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 2

Тор Хейердал

Як даказваюць прыхільнікі гіпотэзы азіяцкага паходжання палінезійцаў, мова і ўся культура звязваюць іх з народамі паўднёвай Азіі.

Па свайму антрапалагічнаму тыпу палінезійцы блізкія да паўднёваазіяцкай групы мангалоіднай расы, але маюць прымесь аўстралоідных рыс, у той час як індзейцы Амерыкі, таксама мангалоіднага паходжання, не маюць гэтай аўстралоіднай прымесі. Мова палінезійцаў, іхнія міфы, паданні, рэчы матэрыяльнай культуры — усё гэта яскрава сведчыць аб тым, што яны выхадцы з Азіі, а не з Амерыкі. Усе свойскія жывёлы і культурныя расліны (апрача батату) занесены палінезійцамі з Інданезіі і Меланезіі: да іх з’яўлення атолы Палінезіі амаль не мелі расліннасці. Усё гэта таксама пацвярджае, што старажытнай радзімай палінезійцаў з’яўляецца Паўднёва-Усходняя Азія. Жыхары азіяцкага ўзбярэжжа і астравоў Інданезіі здаўна былі добрымі мараплаўцамі. На сваіх быстраходных пірогах яны паступова праніклі далёка на ўсход і засялілі нарэшце амаль усе астравы Ціхага акіяна.

Хейердал у апісанні падарожжа на «Кон-Цікі», а таксама ў надрукаванай навуковай працы прыводзіць вялікую колькасць доказаў сувязі Палінезіі з Амерыкай. Гэтыя матэрыялы, безумоўна, вельмі цікавыя і заслугоўваюць увагі з боку спецыялістаў і далейшага вывучэння. Але некаторыя паралелі, якія праводзіць ён паміж культурай палінезійцаў і старажытных жыхароў Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, з’яўляюцца вельмі спрэчнымі.

Занадта смела, напрыклад, Хейердал абыходзіцца з матэрыяламі, якія датычаць вострава Пасхі (яны даюцца часткова і ў гэтай кнізе). Палінезіец-этнограф Тэ Рангі Хіроа ў сваёй кнізе «Мараплаўцы сонечнага ўсходу», выдадзенай у перакладзе на рускую мову ў 1950 годзе, прыходзіць да вываду, што культура вострава Пасхі мае цесную сувязь з іншымі астравамі Палінезіі. «Даўгавухія», якіх Хейердал лічыць выхадцамі з Перу, прыйшлі з Маркізскіх астравоў, дзе шырока распаўсюджаны цяжкія вушныя аздабленні. «Караткавухія» — выхадцы з вострава Мангарэвы, жыхары якога не праколваюць сабе вушэй. Жыхары Маркізскіх астравоў ставілі ў сябе на радзіме вялізныя статуі і будавалі апорныя сцены. Тое самае яны рабілі і на востраве Пасхі. Астатнія факты тлумачацца гэтак жа проста, без прыцягнення сувязей з культурай Перу.

Але для некаторых фактаў падабенства, якое сапраўды мае месца, трэба дапусціць існаванне ў мінулым непасрэднага кантакту жыхароў Амерыкі і Палінезіі. Так, несумненна, што салодкая бульба, батат або кумара, завезена з Амерыкі ў Палінезію яшчэ да кругасветных плаванняў еўрапейцаў; што некаторыя рэчы, знойдзеныя ў час раскопак старажытных паселішчаў у Паўднёвай Амерыцы, сведчаць аб сувязі з Палінезіяй.

Прыхільнікі «азіяцкай» гіпотэзы ўжо даўно меркавалі, што палінезійцы, на дзіва смелыя мараплаўцы, маглі на сваіх пірогах даплываць да берагоў Паўднёвай Амерыкі. Палінезійцы рабілі і робяць на сваіх пірогах вялізныя пераходы паміж астравамі Палінезіі — аж да Гавайскіх астравоў на паўночным усходзе і вострава Пасхі на паўднёвым усходзе, з радыусам плаванняў да 2 500 марскіх міль. Напрыклад, яшчэ нядаўна пяць братоў з вострава Пасхі праплылі ў звычайнай рыбацкай пірозе ад гэтага вострава да Таіці (гэта значыць большую адлегласць, чым ад вострава Пасхі да Паўднёвай Амерыкі, паміж якімі 2 030 міль) і вярнуліся назад. Цяпер, пасля экспедыцыі Хейердала, трэба лічыць даказаным, што і асобныя групы перуанцаў маглі трапляць на плытах у Палінезію.