Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 156

Тор Хейердал

Пасля яды пачаліся палінезійскія танцы ў грандыёзным маштабе. Жыхары вёскі хацелі паказаць нам мясцовыя народныя танцы. Нас, шасцёх, Тэку і Тупухое пасадзілі на табурэткі ў першым радзе, потым з’явіліся два гітарысты, прыселі на кукішкі і забрынчалі на сваіх інструментах сапраўдныя мелодыі Паўднёвага мора. Праз кола гледачоў, якія таксама сядзелі на кукішках і спявалі, слізгаючы і выгінаючыся, у круг увайшлі, тандуючы, два ланцугі мужчын і жанчын з шаматлівымі спаднічкамі з пальмавага лісця вакол сцёгнаў. Жвавым і энергічным запявалам была на дзіва тоўстая вахінэ, у якой адну руку калісьці адкусіла акула. Спачатку танцоры трымаліся крыху тэатральна і напружана; але калі яны ўбачылі, што белыя людзі з пае-пае не адварочваюць нос ад народных танцаў іх прабацькоў, танец пачаў усё больш і больш ажыўляцца. У яго ўключыліся і некаторыя пажылыя; ва ўсіх было цудоўнае адчуванне рытму, і яны ведалі танцы, якіх звычайна ўжо, вядома, не танцуюць. А калі сонца апусцілася ў Ціхі акіян, танцы сярод пальмаў пачалі набываць яшчэ больш бурны характар, і воплескі гледачоў рабіліся ўсё больш дружнымі. Танцоры забылі, што на іх глядзяць шэсць чужаземцаў; цяпер мы, шэсць белых, былі людзьмі іх народа і цешыліся відовішчам разам з імі.

Рэпертуар не меў канца: адна чароўная мімічная сцэна змяняла другую. Нарэшце натоўп юнакоў сеў на кукішкі, утварыўшы цеснае кола якраз перад намі, і па знаку Тупухое пачаў рытмічна адбіваць такт далонямі па зямлі — спачатку павольна, потым хутчэй і хутчэй; калі рытм стаў зусім бездакорным, нечакана ўключыўся барабаншчык і пачаў акампаніраваць ім, з шалёнай хуткасцю стукаючы дзвюма палкамі па сухім выдаўбленым цурбане; гук пры гэтым быў моцны і рэзкі. Пасля таго як рытм дасягнуў патрэбнага тэмпу, пачуўся спеў і ў кола імкліва ўскочыла дзяўчына з вянком з кветак вакол шыі і кветкамі за вухам. Басанож, сагнуўшы калені, яна рухалася ў такт музыцы, рытмічна пагойдваючы клубамі і закінуўшы рукі над галавой у сапраўдным палінезійскім стылі. Яна танцавала цудоўна, і неўзабаве ўсе гледачы адбівалі рытм, пляскаючы далонямі па зямлі. Яшчэ адна дзяўчына ўскочыла ў кола, а за ёю трэцяя. Яны рухаліся з дзівоснай гібкасцю, строга прытрымліваючыся рытму, і кружыліся ў танцы адна вакол другой, як грацыёзныя цені. Глухія ўдары рукамі па зямлі, спеў і вясёлы бой драўлянага барабана адначасова ўсё паскаралі і паскаралі свой тэмп, танец рабіўся ўсё больш і больш ашалелым, а гледачы аж вылі ад захаплення і адбівалі такт, стукаючы далонямі па зямлі.