Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 158

Тор Хейердал

Але Эрыка ніяк не ўдавалася разварушыць. Ад ветру і сырасці на плыце ў яго быў рэцыдыў прастрэлу, і ён, барадаты і нерухомы, сядзеў, як стары шкіпер, пыхкаючы люлькай. Яго не маглі зрушыць з месца дзяўчаты-танцоркі, што спрабавалі завабіць госця ў кола. На ім былі шырокія штаны з аўчын, якія ён надзяваў на сябе ўночы ў самы халодны час, калі наш «Кон-Цікі» рухаўся ў плыні Гумбольдта; седзячы пад пальмамі, голы па пояс, з вялікай барадой, у штанах з аўчын, ён, як дзве кроплі вады, быў падобны на Рабінзона Круза. Адна прыгожанькая дзяўчына за другой стараліся заваяваць яго прыхільнасць, але дарэмна. Ён, не кранаючыся з месца, сядзеў з вянком на кудлатай галаве і важна пыхкаў люлькаю.

Але вось дзябёлая цётка з магутнымі мускуламі выйшла ў кола, зрабіла некалькі больш-менш грацыёзных па, а потым, доўга не думаючы, рушыла да Эрыка. Ён з трывогай пазіраў на яе, але амазонка, чароўна ўсміхаючыся, рашуча схапіла яго за руку і сцягнула з табурэткі. Камічныя штаны Эрыка былі пашыты поўсцю ўсярэдзіну, і ззаду яны крыху распароліся, так што тырчаў белы касмыль воўны, які нагадваў заечы хвост. Эрык цягнуўся за сваёй дамай вельмі неахвотна і, накульгваючы, увайшоў у кола; у адной руцэ ён трымаў люльку, а другую прыціскаў да таго месца, дзе ў яго балела ад прастрэлу. Калі ён паспрабаваў зрабіць некалькі скачкоў, яму прыйшлося выпусціць з рук штаны, каб паправіць гатовы зваліцца вянок, а потым, са збітым набок вянком, ён вымушаны быў зноў схапіцца за свае штаны, якія пад уласным цяжарам пачалі спаўзаць з яго. У яго тоўстай дамы, што тупала ў танцы перад ім, быў не менш пацешны выгляд, і мы смяяліся так, што ажно слёзы капалі з нашых барод. Неўзабаве ўсе астатнія танцоры спыніліся, і выбухі рогату перакочваліся па пальмавым гаі, а танцор Эрык і жанчына-цяжкаатлет не пераставалі грацыёзна кружыцца. Нарэшце і яны былі вымушаны спыніцца, бо і спевакі і музыканты не маглі больш трываць і ледзь не качаліся па зямлі ад смеху.

Свята не спынялася да самага світання, і толькі раніцай нам было дазволена крыху адпачыць; але спачатку мы павінны былі зноў паціснуць рукі ўсім 127 жыхарам вострава. На працягу ўсяго нашага знаходжання на Рароіа мы кожную раніцу і кожны вечар паціскалі рукі ўсім жыхарам. Шэсць пасцеляў былі сабраны па ўсіх хацінах вёскі і пакладзены адна ля адной уздоўж сцяны дома для сходаў; на іх мы спалі, лёгшы ў рад, як сем маленькіх гномаў у казцы, і над нашымі галовамі віселі пахучыя вянкі.

Назаўтра шасцігадоваму хлопчыку, у якога быў нарыў на галаве, стала зусім кепска. Тэмпература ў яго ўзнялася да 41 градуса, і нарыў на самай макаўцы галавы зрабіўся велічынёю з кулак дарослага мужчыны і балюча пульсаваў.

Тэка расказаў, што ўжо шмат дзяцей загінула ад гэтай хваробы і што калі ніхто з нас не здолее прыдумаць якое-небудзь лячэнне, дык хлопчык не пражыве і некалькі дзён. У нас былі новыя прэпараты пеніцыліну ў форме таблетак, але мы не ведалі, якую дозу трэба даваць малому дзіцяці. Калі мы пачнем лячыць хлопчыка і ён памрэ, гэта, магчыма, будзе мець сур’ёзныя вынікі для ўсіх нас.