Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 154

Тор Хейердал

Тупухое гаварыў аб тым, што яго бацька, і дзед, і прадзеды расказвалі пра Цікі, і, паводле іх слоў, Цікі быў першым правадыром, які цяпер знаходзіцца на небе. Але потым прыйшлі белыя людзі і сказалі, што паданні іх продкаў хлусня. Цікі ніколі не існаваў. Ён зусім не на небе, бо там Іегова. Цікі быў язычаскім богам, і яны больш не павінны верыць у яго. А цяпер мы ўшасцёх прыплылі да іх па акіяне на пае-пае. Мы першыя белыя людзі, якія прызнаюць, што іх бацькі гаварылі праўду. Цікі сапраўды жыў, але цяпер ён памёр і знаходзіцца на небе.

Спалохаўшыся, што я магу звесці на нішто ўсю працу місіянераў, я паспяшаўся выйсці наперад і растлумачыў, што Цікі сапраўды жыў — гэта так, не можа быць ніякіх сумненняў, — і што ён даўно памёр. Але знаходзіцца ён цяпер на небе ці ў пекле, ведае адзін толькі Іегова, бо Іегова быў заўсёды на небе, а Цікі быў смертным чалавекам, вялікім правадыром, як Тэка і Тупухое, можа, нават яшчэ больш вялікім.

Мае словы развесялілі і задаволілі палінезійцаў; яны ківалі галавой, з ухвалой мармыталі штосьці, і гэта яскрава сведчыла, што маё тлумачэнне ім да спадобы. Цікі калісьці жыў, гэта было галоўнае. Калі ён цяпер знаходзіцца ў пекле, дык, больш чым каму, непрыемна ад гэтага яму самому; Тупухое выказаў нават думку, што ў такім выпадку, бадай, ёсць больш надзеі сустрэцца з ім зноў.

Тры старыя дзяды праціснуліся наперад і пажадалі паціснуць нам рукі. Можна было не сумнявацца, што гэта яны захоўвалі ў народзе ўспаміны аб Цікі. Правадыр сказаў нам, што адзін з дзядоў ведае безліч паданняў і гістарычных балад з часоў далёкіх продкаў. Я запытаўся ў старога, ці няма ў паданнях якіх-небудзь намёкаў на тое, з якога боку прыйшоў Цікі. Не, ніводзін з дзядоў не мог успомніць, каб яму даводзілася чуць пра гэта. Але, доўга і старанна падумаўшы, самы стары з трох сказаў, што Цікі суправаджаў блізкі родзіч, па імені Мауі, а ў баладзе пра Мауі гаварылася, што ён прыйшоў на астравы з Пура, а слова «пура» азначае тую частку неба, дзе ўсходзіць сонца. Калі Мауі прыйшоў з Пура, сказаў стары, то, вядома, і Цікі прыйшоў з таго ж месца, а мы ўшасцёх таксама прыплылі на пае-пае з Пура, гэта зусім відавочна.