Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 149

Тор Хейердал

Па просьбе сваіх таварышаў астраўлянін, які ўмеў гаварыць па-французску, спытаў, чаму на дошцы, што прыплыла па лагуне, было напісана «Цікі». Мы растлумачылі, што «Кон-Цікі» было напісана на ўсіх рэчах нашага рыштунку і што гэта назва судна, на якім мы прыплылі.

Нашы новыя сябры гучнымі воклічамі выказвалі сваё здзіўленне, калі пачулі, што ніхто не загінуў у час караблекрушэння і што пляскаты разбіты касцяк, які ляжыць на рыфе, і ёсць сапраўды тое судна, на якім мы прыплылі. Яны хацелі адразу ж пасадзіць нас усіх у пірогі і завезці ў вёску. Мы падзякавалі і адмовіліся, бо хацелі застацца да таго часу, пакуль не здымем «Кон-Цікі» з рыфа. Яны з жахам глядзелі на нязграбную пабудову, што засела на рыфе; вядома, нам няма чаго і марыць аб тым, што ўдасца зноў спусціць на ваду гэты папсаваны шкілет! Урэшце пасланец рашуча сказаў, што мы павінны плыць з імі; правадыр строга загадаў ім без нас не вяртацца.

Тады мы вырашылі, што адзін з нас паедзе з астраўлянамі як пасол для перагавораў з правадыром, а потым вернецца і раскажа нам усё пра той востраў. Мы не кінем плыт на рыфе і не можам пакінуць усе рэчы на нашым маленькім востраве. Бенгт сабраўся з астраўлянамі. Абедзве пірогі сцягнулі з пясчанага берага, і неўзабаве яны, плывучы са спадарожным ветрам, зніклі на захадзе.

Назаўтра на небасхіле паказалася мноства белых парусоў. Здавалася, што цяпер астраўляне прыплылі па нас на ўсіх суднах, якія ў іх былі.

Уся флатылія павярнула ў наш бок, і калі яна наблізілася, мы ўбачылі на пярэдняй пірозе сярод карычневых фігур нашага Бенгта, які махаў капелюшом. Ён крыкнуў нам, што з ім знаходзіцца сам правадыр, і мы пачціва выстраіліся на беразе, каб сустрэць гасцей, якія ўброд падыходзілі да вострава.

Бенгт вельмі ўрачыста адрэкамендаваў нас правадыру.

— Правадыра завуць, — сказаў Бенгт, — Тэпіураіарыі Тэрыіфаатау, але ён зразумее, като мы маем на ўвазе, калі будзем называць яго Тэка.

Мы і пачалі называць яго Тэка.

Правадыр Тэка быў высокі статны палінезіец з вачыма, якія сведчылі аб вялікім розуме. Ён быў знатны чалавек, патомак старадаўняга каралеўскага роду на Таіці і з’яўляўся правадыром абодвух астравоў: і Рароіа і Такуме. Ён вучыўся ў школе на Таіці, ведаў французскую мову і ўмеў чытаць і пісаць. Ён сказаў мне, што сталіца Нарвегіі называецца Хрысціянія, і спытаў, ці ведаю я Бінга Кросбі. Ён паведаміў нам таксама, што на працягу апошніх дзесяці год усяго тры чужаземныя судны заходзілі на Рароіа, але іхнюю вёску некалькі разоў у год наведваюць шхуны мясцовых гандляроў копрай з Таіці, якія прывозяць тавары і забіраюць ядры какосавых арэхаў, Яны ўжо некалькі тыдняў чакаюць такую шхуну, так што яна можа з’явіцца ў любы час.