Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 147

Тор Хейердал

Вяртаючыся назад цераз рыф, яны сюд-туд успуджвалі нейкіх дзіўных рыб і спрабавалі злавіць некаторых з іх; раптам на іх напала не менш васьмі вялізных вугроў.

Эрык і Герман убачылі ў празрыстай вадзе, як тыя набліжаліся, і выскачылі на вялікую каралавую глыбу; вугры пачалі звівацца вакол яе. Слізкія пачвары таўшчынёй з галёнку дарослага мужчыны былі ўсыпаны зялёнымі і чорнымі плямамі і нагадвалі атрутных змей; на маленькай галаве блішчалі злосныя змяіныя вочы, а зубы, вострыя, як шыла, мелі ў даўжыню два — тры сантыметры. Калі маленькія вёрткія галоўкі, звіваючыся, наблізіліся да сяброў, Эрык і Герман узмахнулі нажамі; галава аднаго вугра была адсечана, другі быў паранены. Кроў у вадзе прыцягнула цэлую чараду маладых блакітных акул, якія накінуліся на мёртвага і параненага вугроў, а Эрыку і Герману ўдалося пераскочыць на другую глыбу каралаў і ўцячы.

У гэты ж дзень я ішоў уброд да нашага вострава, як раптам хтосьці маланкавым рухам учапіўся з абодвух бакоў у маю шчыкалатку і моцна павіс на ёй. Гэта быў васьміног. Ён быў невялікі, але цяжка перадаць тое пачуццё агіды, якое я адчуваў, калі халодныя шчупальцы абвілі маю нагу і на мяне глядзелі лютыя маленькія вочы, што тырчалі на барвова-чырвоным слізістым мяшку — целе васьмінога. Я з усяе сілы дрыгнуў нагой, і васьміног, які не меў у даўжыню і метра, рушыў за ёю, але шчупальцаў не разняў. Відаць яго вабіла павязка на маёй назе. Я рыўкамі рухаўся да берага з агідным стварэннем на назе. Толькі пасля таго, як я дабраўся да краю сухога пяску, васьміног адпусціў мяне і пачаў павольна адступаць па мелкаводдзю; яго шчупальцы былі выцягнуты да берага, і ён не зводзіў з яго вачэй, нібы гатовы да новага нападу, калі я таго пажадаю. I толькі пасля таго, як я шпурнуў у васьмінога некалькі вялізных кавалкаў карала, ён паспешліва знік.

Разнастайныя прыгоды сярод рыфаў надавалі толькі пікантнасць нашаму шчасліваму жыццю на астраўку. Але мы не збіраліся векаваць тут, і пара было падумаць, як вярнуцца ў звычайны свет. За тыдзень «Кон-Цікі» прабіў сабе дарогу да сярэдзіны каралавага бар’ера, дзе цяпер і ляжаў, моцна засеўшы на аголеных рыфах. Вялізныя бярвенні, стараючыся пракласці сабе дарогу да лагуны, параспіхалі і абламалі даволі вялікія глыбы каралаў, але цяпер драўляны плыт засеў нерухома, і колькі мы яго ні цягнулі і ні штурхалі, усё было бескарысна. Калі б нам толькі ўдалося спусціць разбіты плыт у лагуну, мы маглі б, ва ўсякім разе, зрасціць мачту і аснасніць яго ў дастатковай ступені для таго, каб, рухаючыся з ветрам, пераплыць спакойную лагуну і паглядзець, што ёсць на другім баку яе. Калі на якім-небудзь з астравоў жылі людзі, дык хутчэй за ўсё на тым, што знаходзіўся далёка на небасхіле на захад, дзе атол выгінаецца ў падветраны бок.