Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 148

Тор Хейердал

Міналі дні.

I вось аднойчы раніцай хтосьці з нашых хлопцаў прыбег стрымгалоў і сказаў, што бачыў белы парус на лагуне. З самага высокага месца на ўзлеску мы змаглі разгледзець малюсенькую белую плямку, якая выразна вылучалася на фоне апалава-сіняй лагуны. Не магло быць ніякіх сумненняў, што гэта парусная лодка, якая толькі што адплыла ад працілеглага берага. Мы бачылі, як яна павярнула на другі галс. Неўзабаве паказаўся яшчэ адзін парус.

На працягу ўсёй раніцы яны паступова набліжаліся і павялічваліся ў памерах. Яны плылі проста да нас. Мы паднялі на верхавіну пальмы французскі флаг і размахвалі нашым нарвежскім флагам, які мы прывязалі да доўгай палкі. Адзін парус знаходзіўся ўжо так блізка, што мы маглі распазнаць пад ім палінезійскую пірогу з балансірам. Аснастка яе была больш сучаснага тыпу. Дзве карычневыя фігуры стаялі ў пірозе і глядзелі на нас. Мы замахалі рукамі. Яны памахалі ў адказ і падплылі проста да берага па мелкаводдзю.

— Іа ора на, — прывіталі мы іх на палінезійскай мове.

— Іа ора на! — хорам крыкнулі яны ў адказ, і адзін выскачыў з пірогі і пацягнуў яе за сабой, ідучы ў вадзе па пясчаным дне проста да нас.

Абодва госці былі ў еўрапейскім адзенні, але іх прыгожыя, стройныя целы былі карычневыя. Ногі ў іх былі голыя, а на галаве, ад сонца, яны насілі самаробныя саламяныя капелюшы. Палінезійцы дабраліся да берага і крыху няўпэўнена пачалі набліжацца да нас; але калі мы ўсе па чарзе, усміхаючыся, паціснулі ім рукі, яны заззялі шырокімі ўсмешкамі, паказваючы два рады асляпляльна белых зубоў; гэтыя ўсмешкі гаварылі больш, чым словы.

Наша прывітанне на палінезійскай мове здзівіла і падбадзёрыла нашых гасцей і ўвяло іх у зман гэтак жа, як мы былі падмануты самі, калі іх аднапляменнік з Ангатау крычаў нам па-англійску «добры вечар». Яны пачалі штосьці шпарка і горача расказваць нам па-палінезійску, і прайшло нямала часу, перш чым яны зразумелі, што іх красамоўства зусім не дасягае мэты. Тады яны змоўклі і толькі па-сяброўску ўсміхаліся, паказваючы на другую пірогу, якая падплывала ўсё бліжэй.

У ёй было тры чалавекі, і калі яны ўброд дабраліся да берага і прывіталіся з намі, дык выявілася, што адзін з іх крыху гаворыць па-французску. Мы даведаліся, што на адным з астравоў на тым баку лагуны знаходзіцца палінезійская вёска і што жыхары яе аднойчы ўночы бачылі наша вогнішча. У рыфе Рароіа ёсць усяго адзін праход, які вядзе да астравоў, што акружаюць лагуну; і паколькі гэты праход размешчаны ля самай вёскі, дык кожнага, хто наблізіцца да астравоў, якія ляжаць за рыфам, жыхары вёскі павінны былі б абавязкова заўважыць. Таму старыя ў вёсцы парашылі, што агонь, які яны бачылі на рыфе на ўсходзе, не мог быць справай рук чалавека, а з’яўляўся чымсьці ненатуральным. Гэта адбіла ў жыхароў вострава ўсякую ахвоту пераплыць лагуну і самім паглядзець, што здарылася. Але потым да іх вострава прыбіла па лагуне зламаную скрынку, і на ёй былі нарысаваны нейкія знакі. Два палінезійцы, якія жылі пэўны час на Таіці і ведалі азбуку, разабралі надпіс і прачыталі слова «Цікі», што было напісана вялікімі чорнымі літарамі на дошцы. Цяпер больш не заставалася ніякіх сумненняў, што на рыфе з’явіліся духі, бо Цікі, — яны ўсе ведалі гэта, — быў даўным-даўно памёршы роданачальнік іх уласнага народа. Але праз некаторы час па лагуне прыплылі бляшанкі з сухарамі, цыгарэтамі, какосавыя арэхі і каробка са старым чаравікам; тады яны ўсе зразумелі: на ўсходнім баку рыфа адбылося караблекрушэнне, і правадыр паслаў дзве пірогі на пошукі людзей, што засталіся жывымі і чыё вогнішча на востраве яны бачылі.