Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 117

Тор Хейердал

Мы зрасцілі рулявое вясло, прывязаўшы да яго доўгія кавалкі цяжкага, як жалеза, мангравага дрэва. Эрык і Бенгт паправілі парус, і «Кон-Цікі» зноў горда ўзняў галаву і выпнуў грудзі ў бок Палінезіі, а рулявое вясло танцавала за кармой у хвалях, якія, пасля таго як усталявалася добрае надвор’е, зноў былі лагоднымі і невысокімі. Але кілі ніколі больш не сталі такімі, якімі былі раней; яны не адказвалі на ціск вады з ўсёй сваёй ранейшай сілай, таму што змясціліся і матляліся пад плытом нічым не замацаваныя. Было бескарысна спрабаваць агледзець вяроўкі з боку дна, бо яны зусім зараслі водарасцямі. Абследаваўшы ўсю бамбукавую палубу, мы ўбачылі, што толькі тры з асноўных вяровак былі парваныя; яны ляжалі, скруціўшыся, прыціснутыя да грузу, аб які яны перацерліся. Было відавочна, што бярвенні ўвабралі ў сябе вялікую колькасць вады, але груз зменшыўся, і гэта ўраўнаважвала страту плывучасці. Большая частка правізіі і вады для піцця, а таксама сухіх батарэй нашых радыстаў была ўжо зрасходавана.

Тым не менш пасля апошняга шторму мы былі ўпэўнены, што плыт не распаўзецца і праплыве тую параўнальна невялікую адлегласць, якая аддзяляла нас ад астравоў, што знаходзіліся наперадзе.

Цяпер на першы план станавілася іншая праблема: як наша падарожжа закончыцца?

«Кон-Цікі» будзе няўхільна імкнуцца на захад, пакуль не ўпрэцца носам у берагавыя скалы або ў якую-небудзь іншую нерухомую перашкоду, якая спыніць яго рух. Падарожжа закончыцца толькі тады, калі ўся каманда, цэлая і здаровая, выйдзе на бераг аднаго са шматлікіх палінезійскіх астравоў, што раскінуліся наперадзе.

Калі мінуў апошні шторм, мы зусім не ведалі, куды можа прычаліць плыт. Мы знаходзіліся на аднолькавай адлегласці і ад Маркізскіх астравоў, і ад архіпелага Туамоту, прычым магло здарыцца і так, што мы спакойненька праплывём паміж гэтымі дзвюма групамі астравоў, не ўбачыўшы ні той, ні другой. Бліжэйшы востраў з групы Маркізскіх знаходзіўся за 300 міль на паўночны захад, бліжэйшы востраў архіпелага Туамоту — за 300 міль на паўднёвы захад, а вецер і плынь былі няўстойлівыя, але наогул неслі нас на захад, у шырокія вароты акіяна паміж дзвюма групамі астравоў.

Самым блізкім востравам у паўночна-заходнім напрамку быў той самы Фату-Хіва, маленькі, пакрыты джунглямі гарысты астравок, на якім я калісьці жыў у пабудаванай на беразе хаціне на палях і слухаў вобразныя расказы старога аб гераічным продку — Цікі. Калі б «Кон-Цікі» прычаліў да гэтага ж берага, я сустрэў бы там шмат знаёмых, але наўрад ці самога старога. Ён, напэўна, ужо даўно памёр, цвёрда спадзеючыся спаткацца са сваім продкам Цікі. Калі плыт накіруецца да гэтага ланцуга гарыстых Маркізскіх астравоў, то высадка будзе для нас нялёгкай справай. Астравы гэтай групы ляжаць далёка адзін ад аднаго, і акіян, не сустракаючы ніякіх перашкод, навальваецца на стромкія скалы, так што нам давядзецца быць пільнымі і кіравацца да вусцяў нешматлікіх далін, якія заўсёды заканчваюцца вузкай паласой пляжу.