Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 118

Тор Хейердал

Калі ж плыт пагоніць да каралавых рыфаў архіпелага Туамоту, то там акіян на многія сотні кіламетраў густа ўсеяны шматлікімі астравамі. Але гэтая група астравоў вядома таксама пад назвай Нізкага, ці Небяспечнага, архіпелага, таму што бярэ сваё паходжанне ад каралаў і складаецца з небяспечных падводных рыфаў і пакрытых пальмамі атолаў, якія ўзвышаюцца ўсяго на два — тры метры над паверхняй вады. Рыфы акружаюць ахоўным кальцом кожны атол і з’яўляюцца сур’ёзнай перашкодай для плавання ва ўсім гэтым раёне. Але хоць атолы Туамоту створаны караламі, а Маркізскія астравы з’яўляюцца рэшткамі патухлых вулканаў, абедзве групы астравоў населены адным і тым жа палінезійскім народам, і каралеўскія сем’і ўсюды лічаць Цікі сваім роданачальнікам.

Яшчэ 3 ліпеня, калі мы знаходзіліся за тысячу міль ад Палінезіі, сама прырода паведаміла нам, — як яна ў свой час паведаміла першабытным перуанскім мараплаўцам, калі яны дасягнулі гэтых мясцін на сваіх плытах, — што дзесьці наперадзе сярод акіяна сапраўды знаходзіцца зямля. Пакуль мы не праплылі добрую тысячу міль ад берагоў Перу, мы час-ад-часу бачылі невялікія чароды фрэгатаў. Прыкладна на 100° заходняй даўжыні яны знікалі. і нам пачалі трапляцца толькі маленькія буравеснікі, якія жывуць у акіяне. Але 3 ліпеня на 125° заходняй даўжыні фрэгаты зноў з’явіліся. Пачынаючы з гэтага дня, мы часта бачылі невялікія чародкі фрэгатаў. Яны ляцелі высока ў небе або праносіліся над грабянямі хваль, хапаючы лятучых рыб, якія выскаквалі ў паветра, ратуючыся ад залатых макрэлей. Паколькі гэтыя птушкі прыляцелі не з Амерыкі, якая была ззаду ў нас, то іх радзіма павінна была знаходзіцца ў другім баку — наперадзе.

16 ліпеня прырода дала нам яшчэ больш пэўнае ўказанне. У гэты дзень мы выцягнулі трохметровую акулу, і яна вырыгнула са свайго жывата вялікую неператраўленую марскую зорку, якую праглынула нядаўна ля берага дзесьці паблізу.

А назаўтра да нас прыляцелі першыя госці непасрэдна з астравоў Палінезіі. Гэта была знамянальная падзея на плыце, калі мы заўважылі на небасхіле ў заходнім напрамку двух вялікіх глупышоў, якія неўзабаве пачалі нізка лунаць над нашай мачтай. Распасцёршы свае крылы, якія мелі ў размаху паўтара метра, яны доўга кружылі над намі, а потым, склаўшы крылы, селі на ваду побач з плытом. Залатыя макрэлі адразу ж кінуліся да таго месца і пачалі надакучліва шнырыць вакол вялікіх вадаплаўных птушак, але абодва бакі не чапалі адзін аднаго. Гэта былі першыя жывыя вестуны, якія прынеслі нам прывітанне з Палінезіі. Увечары яны не паляцелі, а засталіся на вадзе, і яшчэ апоўначы мы чулі, як яны з хрыплымі крыкамі кружылі вакол мачты.