Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 115

Тор Хейердал

Тарстэйн, які стаяў бліжэй за ўсіх да бамбукавага цыліндра, вакол якога была наматана вяроўка для выратавальнай лодкі, — хутка схапіў яго. Гэта быў адзіны выпадак за ўвесь час падарожжа, калі вяроўку заела і так недарэчы. Усё адбылося за некалькі секунд.

Герман цяпер знаходзіўся на адной лініі з кармой плыта, але за некалькі метраў ад яе і мог яшчэ спадзявацца на ратунак, калі б яму ўдалося падплыць да лопасці рулявога вясла і павіснуць на ёй. Паколькі ён не паспеў ухапіцца за выступ бярвенняў, ён працягнуў руку да лопасці вясла, але яна праслізнула міма. I вось ён ляжаў якраз там, адкуль, як мы ўжо ведалі, нішто не вяртаецца. Пакуль Бенгт і я спускалі на ваду лодку, Кнут і Эрык спрабавалі кінуць Герману выратавальны пояс. Прывязаны да доўгай вяроўкі пояс вісеў заўсёды напагатове на рагу даха каюты; але ў гэты дзень вецер быў такі моцны, што кожны раз адносіў выратавальны пояс назад на плыт. Усе спробы дакінуць пояс канчаліся няўдачай, а Герман ужо знаходзіўся далёка за рулявым вяслом і з усяе сілы стараўся не адставаць ад плыта, але з кожным парывам ветру адлегласць павялічвалася. Ён зразумеў, што з гэтага часу разрыў будзе ўсё павялічвацца, але ў яго яшчэ заставалася слабая надзея на лодку, якая цяпер была ўжо на вадзе. Без вяроўкі, бо яна з’яўлялася нібы тормазам, магчыма, удалося б падагнаць гумавую лодку да чалавека, які плыў насустрач; іншая справа — ці ўдасца гумавай лодцы калі-небудзь вярнуцца да «Кон-Цікі». Усё-такі ў трох чалавек у гумавай лодцы былі нейкія шанцы на тое, каб выратавацца, у аднаго чалавека ў акіяне — ніякіх.

Раптам мы ўбачылі, што Кнут кінуўся з плыта і нырнуў галавой уніз у акіян. У адной руцэ ён трымаў выратавальны пояс і плыў, апіраючыся на яго. Кожны раз, калі галава Германа з’яўлялася на грэбені хвалі, Кнут знікаў, а кожны раз, калі з’яўляўся Кнут, Германа не было відаць. Але вось мы ўбачылі галовы абодвух адначасова: яны падплылі адзін да аднаго і абодва трымаліся за выратавальны пояс. Кнут махаў рукой; паколькі тым часам мы паспелі ўсцягнуць гумавую лодку на борт, то мы ўсе ўчатырох ухапіліся за вяроўку ад выратавальнага пояса і пачалі цягнуць з усяе сілы, не зводзячы ў той жа час вачэй з вялікага цёмнага прадмета, які быў відаць у вадзе ззаду двух плыўцоў. Гэтая таямнічая жывёліна час-ад-часу высоўвала над грэбенем хвалі вялікі зеленавата-чорны трохвугольнік; ён ледзь не да смерці перапалохаў Кнута, калі той плыў да Германа. Тады толькі Герман ведаў, што трохвугольнік належаў не акуле і не якому-небудзь іншаму марскому страшыдлу. Гэта быў надзьмуты рог непрамакальнага спальнага мяшка Тарстэйна. Але спальны мяшок нядоўга трымаўся на вадзе пасля таго, як мы выцягнулі на плыт абодвух нашых таварышаў жывымі і здаровымі. Той, хто пацягнуў спальны мяшок углыб акіяна, выпусціў больш каштоўную здабычу.

— Як добра, што я не быў у ім, — сказаў Тарстэйн і зноў узяўся за рулявое вясло.

Зрэшты, у гэты вечар нам было не да жартаў. Нас усіх яшчэ доўга прабіралі нервовыя дрыжыкі. Але халодныя дрыжыкі змешваліся з гарачым пачуццём радасці, што мы па-ранейшаму ўшасцёх на плыце.