Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 105

Тор Хейердал

Мы ўвялі яшчэ больш строгія правілы перасцярогі, змянілі выратавальную вяроўку, якою карысталіся на начных вахтах, і пастараліся пераканаць адзін аднаго, што мы не можам лічыць сябе ў бяспецы толькі таму, што ўсё ішло добра на працягу першых двух месяцаў. Адзін неасцярожны крок, адзін неасцярожны рух — і нават сярод белага дня мы можам апынуцца там, дзе апынуўся зялёны папугай.

Некалькі разоў мы бачылі вялікую белую абалонку яек кальмара, якая пагойдвалася на сінім зыбу, нагадваючы яйкі страуса ці белыя чарапы. I ўсяго толькі раз мы заўважылі малюска, які звіваўся пад абалонкай. Мы бачылі беласнежныя шары, якія плавалі паблізу ад нас, і спачатку нам здавалася, што можна зусім лёгка падплыць у лодцы і злавіць іх. Калі парвалася вяроўка планктоннай сеткі і шаўковая сетка засталася ззаду і плыла за плытом, мы былі гэтак жа аптымістычна настроены і спусцілі на ваду лодачку, прывязаўшы да яе вяроўку, каб лягчэй было вярнуцца. Але, на наша здзіўленне, мы пераканаліся, што вецер і хвалі не даюць лодцы падплыць і што вяроўка, якую мы прывязалі да «Кон-Цікі», моцна тармозіць у вадзе; нам ні разу не ўдалося падвеславаць да таго месца, дзе толькі што знаходзіўся плыт. Часам да прадмета, які мы хацелі падняць, заставалася ўсяго некалькі метраў, але тут вяроўка напіналася, і «Кон-Цікі» цягнуў нас прэч, на захад. «Што за борт упала, тое прапала» — такі быў вывад, да якога мы паступова прыйшлі і якога потым ніколі не забывалі да канца нашага плавання. Калі мы хацелі застацца жывымі, трэба было моцна трымацца за «Кон-Цікі», пакуль ён не ўткнецца носам у сушу на тым баку акіяна.

Пасля таго, як загінуў папугай, радыёрубка апусцела; але калі назаўтра раніцай трапічнае сонца зноў заззяла над Ціхім акіянам, наша жалоба мінула. У бліжэйшыя некалькі дзён мы выцягнулі нямала акул і, кожны раз знаходзячы ў страўніку акулы сярод галоў тунцоў і іншых рэштак спажывы драпежніка чорную выгнутую дзюбу, думалі, што гэта дзюба нашага папугая. Але, разгледзеўшы яе як след, заўсёды пераконваліся ў сваёй памылцы — гэта была дзюба ператраўленага кальмара.

Ад самага пачатку плавання абодвум радыстам хапала работы ў іх рубцы. Як толькі мы апынуліся ў плыні Гумбольдта, са скрынак з батарэямі пачала капаць марская вада, і прыйшлося накрыць радыёрубку, якая баялася сырасці, брызентам, каб не даць папсавацца ўсяму таму, што толькі магчыма было ўратаваць ад псавання ва ўмовах адкрытага мора. Потым радыстам давялося паламаць галаву над тым, як прыладзіць на маленькім плыце дастаткова доўгую антэну. Яны паспрабавалі пусціць антэну ўгору, прывязаўшы яе да паветранага змея, але парывам ветру змея проста шпурнула ў хвалі, і ён знік. Тады яны пачалі пускаць антэну ўгору з дапамогай паветранага шара, але трапічнае сонца прапальвала дзіркі ў шары, так што ён зморшчваўся і падаў у акіян. А потым у іх пачаліся непрыемнасці, у якіх быў вінаваты папугай. Да ўсяго гэтага можна дадаць, што толькі пасля двух тыдняў падарожжа ў плыні Гумбольдта мы выйшлі з мёртвай зоны Андаў, у межах якой кароткія хвалі такія ж нямыя і пазбаўленыя жыцця, як паветра ў пустой скрынцы з-пад мыла.