Читать «Падарожжа на «Кон-Цікі»» онлайн - страница 106

Тор Хейердал

Але вось аднойчы кароткія хвалі нечакана прабіліся, і пазыўныя сігналы Тарстэйна пачуў нейкі выпадковы радыёаматар у Лос-Анжаласе, які на сваім радыёперадатчыку стараўся ўстанавіць сувязь з другім аматарам у Швецыі. Амерыканец спытаў, якой сістэмы наш перадатчык, і, атрымаўшы вычарпальны адказ, пацікавіўся у Тарстэйна, хто ён такі і дзе жыве. Калі ён даведаўся, што Тарстэйн жыве ў бамбукавай каюце на плыце сярод Ціхага акіяна, пачулася некалькі дзіўных шчаўчкоў, і Тарстэйн заспяшаўся паведаміць некаторыя падрабязнасці. Як толькі чалавек у эфіры апамятаўся ад здзіўлення, ён перадаў нам, што яго завуць Гал, а яго жонку — Анна, што яна па паходжанню шведка і пашле вестку нашым сем’ям аб тым, што мы жывыя і здаровыя.

У гэты вечар нам здавалася вельмі дзіўным, што зусім чужы чалавек па імені Гал, нейкі невядомы кінааператар, адзін са шматлікіх жыхароў далёкага Лос-Анжаласа, быў адзіным на свеце чалавекам, калі не лічыць нас саміх, які ведаў, дзе мы знаходзімся і што ў нас усё добра. Пачынаючы з гэтага вечара, Гал, ён жа Гарольд Кемпел, і яго сябар Фрэнк Кюевэс па чарзе дзяжурылі кожную ноч і лавілі сігналы нашага плыта, а Герман атрымліваў удзячныя тэлеграмы ад начальніка бюро надвор’я ЗША за тое, што двойчы ў суткі перадаваў па шыфру метэаралагічныя звесткі з раёна, аб якім звесткі прыходзілі вельмі рэдка, а зводак наогул не было. Пазней Кнут і Тарстэйн амаль кожную ноч наладжвалі сувязь і з іншымі радыёаматарамі, а тыя перадавалі нашы прывітанні ў Нарвегію праз кароткахвалевіка па імені Эгіль Берг, які жыў у Нутаддзене.

Усяго на некалькі дзён, калі мы знаходзіліся сярод акіяна, наша радыёстанцыя зусім перастала працаваць, бо ў радыёрубку налілося занадта многа салёнай вады. Нашы радысты проста са скуры вылузваліся, цэлымі днямі і начамі важдаючыся са шрубкамі і паяльнікам, а далёкія радыёаматары думалі, што з плытом усё скончана. Потым неяк вечарам пазыўныя L12B паляцелі ў эфір, і ў той жа момант радыёрубка загула, нібы асінае гняздо, бо некалькі соцень амерыканскіх кароткахвалевікоў адначасова застукалі ключамі, адказваючы на наш заклік. Сапраўды, калі мы траплялі ва ўладанні нашых радыстаў, у нас было такое адчуванне, нібы мы сядзім на асіным гняздзе. Усё было мокрае ад вады, якая пранікала з усіх бакоў; на бальзавым бервяне ляжаў невялікі гумавы дыванчык, на якім сядзелі радысты, але калі хто-небудзь з нас дакранаўся да ключа Морзэ, ён адразу адчуваў удар току адначасова ў задняй частцы і ў кончыках пальцаў. А калі хто-небудзь з нас, пабочных, спрабаваў украсці аловак з багатай на розныя рэчы радыёрубкі, у яго валасы на галаве станавіліся дыбам або з агрызка алоўка пачыналі сыпацца вялікія іскры. Толькі Тарстэйн, Кнут і папугай маглі без рызыкі лавіраваць у гэтым кутку каюты, і мы прыбілі кавалак кардону, каб адзначыць мяжу небяспечнай для астатніх зоны.

Аднойчы позна вечарам Кнут сядзеў у радыёрубцы і пры святле ліхтара нешта варажыў над сваім апаратам; раптам ён пацягнуў мяне за нагу і сказаў, што размаўляе з хлопцам па імені Хрысціян Амундсен, які жыве пад самым Осла. Гэта быў адзін з радыёаматарскіх рэкордаў, паколькі наш маленькі караткахвалевы перадатчык з яго 13990 кілацыкламі ў секунду мог даць не больш шасці ват, гэта значыць прыблізна столькі ж, колькі дае маленькі электрычны ліхтар. Гэта адбылося 2 жніўня, і мы праплылі ўжо 60° у заходнім напрамку, так што Осла знаходзілася якраз на працілеглым баку зямнога шара. Каралю Хакону заўтра спаўнялася 75 год, і мы паслалі яму віншавальную тэлеграму проста з плыта; а яшчэ праз дзень мы зноў пачулі Хрысціяна, і ён перадаў нам адказ караля, які пажадаў нам далейшай удачы і шчаслівага заканчэння падарожжа.