Читать «Планета людзей» онлайн - страница 3

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Рыўер прыпыніўся каля старога механіка Леру, які корпаўся ля самалёта. Леру працаваў ужо сорак гадоў. Ён аддаваў рабоце ўсе свае сілы. Калі а дзесятай вечара або апоўначы Леру вяртаўся дадому, перад ім не расхінаўся нейкі іншы свет, вяртанне дамоў не было для яго ўцёкамі. Рыўер усміхнуўся гэтаму чалавеку з грубым тварам; механік кіўнуў на быццам падсіненую вось:

— Яна была занадта туга замацавана, я паправіў.

Рыўер нахіліўся да восі. Рыўер зноў вярнуўся да службовых клопатаў:

— Трэба будзе сказаць у майстэрнях, каб падганялі гэтыя штукі павальней.

Пакратаўшы пальцамі драпінкі на метале, Рыўер зноў уважліва пагладзеў на Леру, на яго суровы, спярэшчаны маршчакамі твар. З языка сарвалася дзівакаватае пытанне, і Рыўер сам усміхнуўся, задаўшы яго:

— Скажыце, Леру, у сваім жыцці вы шмат часу патрацілі на любоў?

— О! Любоў, пане дырэктар… гэта такая штука…

— Вам, як і мне, на гэта не хапала часу…

— І сапраўды, не вельмі хапала…

Рыўер услухоўваўся ў ягоны голас, намагаючыся зразумець, ці не гучыць у адказе гаркота: гаркоты не было. Азіраючыся на прамінулае жыццё, гэты чалавек адчуваў спакойнае задавальненне сталяра, які адпаліраваў цудоўны плашчак: «Вось і ўсё. Гатова!»

«Вось і ўсё! — падумаў Рыўер. — Маё жыццё таксама гатовае!»

Ён адагнаў сумныя думкі, навеяныя стомай, і рушыў да ангара: чылійскі самалёт ужо гудзеў у небе.

III

Аддалены гул матора гусцеў, наліваўся. Успыхнулі пасадачныя агні. Чырвоныя ліхтары начнога асвятлення абмалёўвалі контуры ангара, радыёмачтаў, квадратнай пляцоўкі.

Усё набыло святочны выгляд.

— Вось ён!

Самалёт ужо каціўся па зямлі ў святле пражэктара. Ён так зіхацеў, што здаваўся зусім новым. Вось ён спыніўся нарэшце перад ангарам: механікі і падсобныя рабочыя памкнуліся да яго, каб выгрузіць пошту, але пілот Пэльрэн не кратаўся.

— Гэй! Чаго вы чакаеце? Выходзьце!..

…Калі аўтамабіль імчаў Пэльрэна разам з панурым інспектарам і маўклівым Рыўерам да Буэнас-Айрэса, пілоту стала журліва: канечне, што можа быць прыемней — выкараскацца з бяды і, адчуўшы цвёрды грунт пад нагамі, са смакам вылаяцца! Весялей быць не можа!.. І ўсё-такі, як успомніш, робіцца не па сабе.

Змаганне з цыклонам — гэта, прынамсі, нешта рэальнае, відавочнае. Іншая справа — аблічча рэчаў, тое аблічча, якое рэчы набываюць, калі ім здаецца, што яны адны. «Як у час паўстання, — падумаў Пэльрэн, — твары людзей толькі трошкі бляднеюць, але як усё вакол мяняецца!» Намаганнем волі ён прымусіў сябе ўспомніць усё перажытае.

…Мірна ляцеў ён над Андыйскімі Кардыльерамі. Тут панавала бяскрайняя моўча снягоў. У гэтае нагрувашчанне вяршынь снягі прынеслі спакой — як яго прыносяць стагоддзі-вякі ў мёртвыя старажытныя замкі. На абсягу ў дзве сотні кіламетраў — ані душы, аніякусенькай адметы жыцця, аніводнага жывога руху. Адны стромыя кручы, якія ўзнімаюцца ўгору да шасці тысяч метраў, адны каменныя покрывы, што спадаюць уніз адвеснымі складкамі, адно бязмежны, пагрозлівы спакой.