Читать «Планета людзей» онлайн - страница 183

Антуан дэ Сент-Экзюперы

II

I вось я думаў: «Самае важнае, каб недзе прадаўжала існаваць усё тое, чым ты жыў. I звычкі. I сямейныя святы. I дом, які зберагае ўспаміны. Самае важнае — жыць дзеля вяртання…» Кволасць далёкіх полюсаў, ад прыцяжэння якіх я залежаў, пагражала самой маёй істоце. Я рызыкаваў спазнаць сапраўдную пустыню і пачынаў разумець таямніцу, якая даўно займала мяне.

Я пражыў тры гады ў Сахары. I, як шмат іншых людзей, я трызніў яе чарамі. Кожны, хто аднойчы трапіў у Сахару, дзе вы быццам адрэзаны ад усяго свету, аплаквае дні, праведзеныя ў пустыні як самыя шчаслівыя ў жыцці. Але словы «настальгія пяску», «настальгія самотнасці», «настальгія прасторы» — усяго толькі літаратурныя штампы, яны нічога не тлумачаць.

I вось, толькі тут, на параходзе, знізу даверху запакаваным мітуслівымі пасажырамі, я, здаецца, зразумеў, што такое пустыня.

Канечне, Сахара — як вокам сягнуць — гэта толькі аднастайнасць пяску, ці, дакладней, — таму што барханы ў пустыні рэдкасць, — бязмежжа галькі. У пустыні чалавек апынаецца ў самой першааснове нудоты. Аднак нябачныя божышчы ствараюць вакол яго нябачныя цянёты кірункаў, схілаў і знакаў — яе патаемную і жывую мускулатуру. I аднастайнасці як не было. Усё падначалена сілавым лініям. I нават адна цішыня там непадобна на другую цішыню.

Бывае цішыня міру, калі плямёны не варагуюць і калі ў вечаровай прахалодзе ты быццам прычаліў з апушчанымі ветразямі да спакойнай гавані. Бывае цішыня поўная, калі пад сонцам замірае жыццё душы і цела. Бывае зманлівая цішыня, калі паўночны вецер заціхае, а з'яўленне насякомых, выхапленых, як кветкавы пылок, з глыбінных аазісаў, абвяшчае пясчаную буру з усходу. Бывае цішыня змовы, калі даведваешся, што далёкае племя нешта задумвае. Бывае цішыня таямніцы, калі арабы вядуць паміж сабой свае непасцігальныя перагаворы. Бывае напружаная цішыня, калі запазняецца вястун. Трывожная цішыня, калі з затоеным дыханнем услухоўваешся ў ноч. I бывае сумная цішыня, калі згадваеш любімых.