Читать «Планета людзей» онлайн - страница 184

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Усё прыцягваецца да полюсаў. Кожная зорка паказвае сапраўдны кірунак. I ўсе яны — зоркі вешчуноў. I кожная з іх вядзе да свайго бога. Адна паказвае шлях да далёкага калодзежа, да якога нялёгка дабрацца. I пространь, якая аддзяляе вас ад гэтага калодзежа, гняце, як крапасная сцяна. Другая вядзе да перасохлага калодзежа. I сама зорка, здаецца, перасохла. I пространь паміж вамі і перасохлым калодзежам не мае ні канца ні краю. А вось тая зорка служыць правадніком да невядомага аазіса, пра які наспявалі качэўнікі, але доступ да якога перакрыты няскоранымі плямёнамі. I пяскі, якія аддзяляюць вас ад аазіса, здаюцца лугам з чароўнай казкі. А яшчэ адна зорка паказвае шлях да белага паўднёвага горада, спакушальнага, як плод, у які так і хочацца ўпіцца зубамі. I ёсць зорка мораў.

I, нарэшце, пустыня намагнічана амаль нерэальнымі полюсамі: гэта дом, дзе прамінула ваша маленства і які заўжды жывы ва ўспамінах. Гэта сябар, пра якога вам толькі тое і вядома, што ён недзе ёсць.

Так вас працінаюць і ажыўляюць сілавыя лініі, якія прыцягваюць альбо адштурхоўваюць вас, якія зліваюцца з вамі альбо працівяцца вам. I адчуваеце, як вы моцна, надзейна і ўстойліва ўладкаваны ў цэнтры галоўных жыццёвых кірункаў.

I так як пустыня не надзяляе аніякімі адчувальнымі на дотык багаццямі, так як там няма чаго ні бачыць і няма чаго ні чуць, а ўнутранае жыццё не толькі не замірае, але нават узмацняецца, то прыходзіцца прызнаць, што чалавек падвергнуты перш за ўсё ўплывам нябачным. Чалавекам правіць дух. У пустыні я значу тое, што значаць мае божышчы.

Дык вось, калі на борце гэтага сумнага парахода я адчуваў сябе яшчэ поўным жыццядайных сувязей, калі я быў насельнікам яшчэ жывой планеты, дык толькі дзякуючы некалькім сябрам, згубленым дзесьці далёка ў мораку Францыі, існаванне якіх рабілася для мяне такім важным.

Францыя, само сабою, не была для мяне ні адвольным божышчам, ні гістарычнай канцэпцыяй — яна была жывая плоць, ад якой я залежаў, сець сувязей, якія кіравалі мною, сукупнасць полюсаў, якія стваралі прыхільнасці майго сэрца. I ўва мне ўзнікла патрэба адчуць болей трывалым і даўгавечным, чым маё ўласнае, жыццё тых, хто быў неабходны мне, як маяк, на які я мог бы арыентавацца ў сваёй дарозе. Каб ведаць, куды вяртацца. Каб самому быць.

У іх цалкам месцілася і праз іх жыла ўва мне ўся мая краіна. Для тых, хто плыве ў моры, цэлы мацярык зводзіцца да перабліскаў некалькіх маякоў. I маяк служыць зусім не для вымярэння адлегласці. Проста яго святло стаіць у вас перад вачыма. Але адна гэта зорка ўмяшчае ўсе скарбы мацерыка.

I вось сёння, калі Францыя, акупаваная ворагам, з усім сваім грузам цалкам паглыбілася ў маўчанне, як карабель з патушанымі агнямі, пра які невядома, ці вытрымае ён марскія буры, лёс усіх, каго я люблю, мучыць мяне мацней, чым уласная нямогласць. Іх безабароннасць азначае пагрозу самой маёй істоце.

Таму, хто гэтай ноччу неадступна стаіць у маіх вачах, пяцьдзесят гадоў. Ён хворы. I ён яўрэй. Як перажыве ён нямецкі тэрор? Каб уявіць сабе, што ён яшчэ дыхае, мне трэба паверыць, што ён схаваны ад захопніка і надзейна абераганы за непарушнай сцяной маўчання аднавяскоўцаў. Толькі тады я магу паверыць, што ён яшчэ жывы. Толькі тады, крочачы здалёку ў дзяржаву яго дружбы, для якой не існуе ніякіх межаў, я магу ўсведамляць сябе не эмігрантам, а падарожнікам. Таму што пустыня зусім не там, дзе яе бачаць. I Сахара можа быць насычана жыццём болей інтэнсіўным, чым любая сталіца, а самы шматлюдны горад пусцее, калі размагнічваюцца яго асноўныя жыццёвыя полюсы.