Читать «Планета людзей» онлайн - страница 181

Антуан дэ Сент-Экзюперы

А вось Партугалія сілілася верыць у сваё працвітанне, захоўваючы і яго прыбор, і яго святочныя агні, і яго музыку. Тут, у Лісабоне, гулялі ў шчаслівае жыццё, каб сам бо — і той паверыў у яго.

Пэўны налёт смутку надавалі Лісабону бежанцы. Я маю на ўвазе не выгнанцаў, якія шукаюць прытулку. I не тых эмігрантаў, што кідаюцца ў пошуках лапіка зямлі, які яны маглі б абрабіць сваёй працай. Я кажу пра людзей, якія за свет вочы ўцяклі з радзімы і кінулі ў галечы сваіх блізкіх дзеля ўратавання ўласнага кашалька.

Мне не ўдалося ўладкавацца ў сваім горадзе, і я пасяліўся ў Іштурыле, побач з казіно. Я толькі выйшаў з пекла вайны: мая авіягрупа, якая дзесяць месяцаў запар вяла разведвальныя палёты над Германіяй, адно ў дні нямецкага наступлення страціла тры чвэрці свайго складу. Па вяртанні дадому нада мной навісла змрочная атмасфера прыгнёту і пагроза голаду. Я перажыў беспрасветную ноч нашых гарадоў. А тут, за два крокі ад мяне, казіно Іштурыла штовечар напаўнялася зданямі. Бясшумныя «кадылакі» дзелавіта каціліся па тонкім пяску і высаджвалі іх ля пад'езда. Гэтыя здані, быццам у даваенныя часы, былі ў вячэрніх строях. Яны ззялі манішкамі і дыяментамі. Яны запрашалі адзін аднаго на абеды, на абеды статыстаў, бо ім не было пра што гаварыць.

Потым яны гулялі ў рулетку ці ў бакара — у залежнасці ад багацця. Часам я хадзіў паглядзець на іх. Яны не выклікалі ўва мне ні гневу, ні кпіну; мяне ахопліваў толькі нейкі неакрэслены страх. Той страх, які ахоплівае вас у заапарку перад апошнімі прадстаўнікамі якой-небудзь вымерлай пароды. Яны збіраліся ля сталоў. Яны тоўпіліся вакол непрыступнага круп’е і з усіх сіл намагаліся адчуць надзею, роспач, страх, зайздрасць альбо захапленне. Як жывыя. Яны ставілі на карту маёмасць, якая, магчыма, у гэтыя самыя хвіліны разляталася ў прах. Яны карысталіся манетай, якая, магчыма, ужо страчвала ўсялякую вартасць. Змесціва іх сейфаў, магчыма, забяспечвалася заводамі, ужо прыбранымі да рук ворагам альбо асуджанымі на руйнаванне варожай авіяцыяй. Яны выпісвалі вэксалі на Сірыус. Чапляючыся за мінулае, быццам за апошнія месяцы свет не зведаў ніякіх патрасенняў, яны сіліліся паверыць у натуральнасць свайго азарту, у забяспечанасць сваіх чэкаў, у непарушнасць сваіх здзелак. Гэта была фантасмагорыя. Лялечны балет. I ад гэтага было маркотна.

Яны, безумоўна, нічога не адчувалі. Я пакідаў іх. Я ішоў падыхаць на бераг мора. Але і мора Іштурыла, гэтае курортнае, прыручанае мора, здавалася, таксама было ўдзельнікам гульні. Яно залівала бухту самотнай мяккай хваляй, якая зіхацела ў месячным святле, нібыта сукенка са шлейфам, што ўжо выйшла з моды.

Я зноў сустрэўся з маімі бежанцамі на параходзе. Гэты параход таксама ўсяляў лёгкі страх. Ен перасаджваў з аднаго кантынента на другі пазбаўленыя каранёў расліны. Я казаў сабе: «Я хачу быць падарожнікам, я не хачу быць эмігрантам. У сябе дома я навучыўся такому, што аніяк не прыдасца на чужыне». А эмігранты выцягвалі з кішэняў запісныя кніжкі з адрасамі,— апошняе, што яшчэ магло засведчыць іх былую прыналежнасць да свету жывых. Яны ўсё яшчэ гулялі ў жывых людзей. Яны штосілы чапляліся за любую рэальнасць. «Ведаеце, мяне завуць вось гэтак, — казалі яны, — я з такога вось горада… сябар таго й таго… вы знаёмы з тым і тым?»