Читать «Планета людзей» онлайн - страница 182

Антуан дэ Сент-Экзюперы

I яны расказвалі пра якога-небудзь прыяцеля, альбо пра якое-небудзь абавязацельства, альбо пра які-небудзь пралік, альбо якую-небудзь іншую гісторыю, якая магла б хоць з чым-небудзь звязаць іх. Але яны кінулі радзіму, і таму анішто ў іх мінулым ужо не служыла ім повяззю. Гэтае мінулае было яшчэ зусім цёплае, зусім свежае, зусім жывое, якім бывае напачатку ўспамін пра каханне. Збіраюцца ў пакет пяшчотныя лісты. Далучаюцца да іх некалькі памятных дарункаў. Усё старанна перавязваецца. I напачатку такая рэліквія агортвае сумным замілаваннем. Але вось праходзіць блакітнавокая бялянка, і рэліквія памірае. Таму што і прыяцель, і здзелка, і родны горад, і ўспаміны пра бацькоўскі дом блякнуць, калі яны перастаюць служыць чаму-небудзь.

Эмігранты разумелі гэта. Як Лісабон гуляў у працвітанне, так яны гулялі ў перакананасць, што неўзабаве вернуцца. Якая пяшчотная, салодкая адсутнасць блуднага сына! Гэта не сапраўдная адсутнасць, калі недзе ёсць бацькоўскі дом. Выйшлі вы ў суседні пакой ці адправіліся на другое паўшар'е зямлі — розніца не істотная. Іншы раз прысутнасць сябра, з якім вы нібыта ў расстанні, можа быць болей яўная, чым рэальная прысутнасць. Гэткая рэальнасць малітвы. Ніколі не любіў я так горача свой дом, як у Сахары. Ніколі жаніхі не былі бліжэй да сваіх нявест, чым брэтонскія маракі XVI стагоддзя, якія агіналі мыс Горн і старэлі ў змаганні з сустрэчнымі вятрамі. Ледзь пакінуўшы родныя берагі, яны ўжо вярталіся дамоў. Паднімаючы спрацаванымі рукамі ветразі, яны ўжо рыхтаваліся ў дарогу дамоў. Самы кароткі шлях з якога-небудзь порта Брэтані да дома нявесты пралягаў праз мыс Горн. Але мае эмігранты ўяўляліся мне брэтанскімі маракамі, у якіх адабралі нарачоных. Ніводная брэтанская нявеста не запальвала на падаконніку сціплага свяцільніка. Яны не былі блудныя дзеці. Яны былі бяздомныя блудныя дзеці, якім няма куды вярнуцца. У іх пачалося сапраўднае блуканне, блуканне па-за самімі сабою.

Як нарадзіцца нанова? Як пераматаць у сабе цяжкі клубок успамінаў? Гэты прывідны карабель, нібы чысцец, быў загружаны душамі, якія яшчэ не нарадзіліся. Сапраўды жывымі, настолькі жывымі, што іх хацелася пакратаць рукой, здаваліся толькі тыя, якія складалі неад'емную частку карабля і з усведамленнем уласнай годнасці, якую надавала ім сапраўдная справа, насілі абеды, драілі медзь, чысцілі абутак і з ледзь улоўнай пагардай абслугоўвалі мерцвякоў. Гэту лёгкую пагарду эмігранты выклікалі ў карабельнай прыслугі зусім не беднасцю. Не грошай ім не хапала, а яўнасці. Яны перасталі быць людзьмі з гэтага вось дома, зведзенымі сяброўствамі з гэтым вось чалавекам, якія мелі гэтыя вось абавязкі. Яны сіліліся гуляць ва ўсё гэта, але ўсё гэта было лухта. Ніхто не меў у іх патрэбы, ніхто не паклікаў бы іх на дапамогу. Які цуд — тэлеграма, якая скаланае вас, паднімае вас ноччу з пасцелі і прымушае імчацца на вакзал: «Прыязджай! Ты мне патрэбен!» Лёгка знайсці сяброў, якія гатовы памагчы нам. Цяжка заслужыць сяброў, якія патрабуюць нашай дапамогі. Мае здані нікому не ўнушалі нянавісці альбо рэўнасці, ніхто не прагнуў іх прыхільнасці. Ніхто не любіў іх адзінай сапраўднай любоўю. Я думаў: «Не паспеюць яны сысці на бераг, як іх пачнуць запрашаць на кактэйлі, ім пачнуць выказваць спачуванне і строіць банкеты. Але хто загрукоча ў іх дзверы з патрабаваннем пусціць: «Адчыні! Гэта я!»? Трэба прывучыць немаўля да грудзей, каб яно калі-небудзь прад'явіла правы на тваю дружбу. Трэба, каб не адно пакаленне спусціла свае маёнткі дзеля старога замка, над якім навісла пагроза руйнавання, — і толькі тады ты навучышся любіць яго.