Читать «Планета людзей» онлайн - страница 12

Антуан дэ Сент-Экзюперы

— Месца падсобніка.

— Не, месье, не… Я хачу вам сказаць…

— Можаце ісці.

«Я прагнаў з такой жорсткасцю не яго, — думае Рыўер. — Я прагнаў зло, у якім ён, магчыма, і невінаваты, але прыладай якога ён стаў.

Бо акалічнасцямі трэба кіраваць — тады і яны падпарадкоўваюцца, тады ты ствараеш. Дый людзей ствараеш. Альбо збаўляешся ад іх, калі яны — прылады зла».

«Я хачу вам сказаць…»

Што хацеў сказаць яму гэты бедны стары? Што яго пад старасць пазбаўляюць адзінай радасці? Што яму дарагі сам стук інструментаў па металу самалёта, што ягонае жыццё пазбаўляецца вялікай паэзіі? І потым… што трэба ж неяк жыць?

«Я вельмі стаміўся», — думаў Рыўер. У ім падымаўся нейкі ласкавы жар. Ён паляпаў далонню па паперы, падумаў: «Я так любіў аблічча гэтага старога таварыша…» І зноў убачыў рукі старога. Зноў прыгадалася, як яны слаба ўздрыгнулі, быццам спрабуючы стуліцца. Дастаткова было сказаць: «Ну, годзе. Годзе. Заставайцеся — і па старых руках прабегла б хваля радасці», — уяўляў Рыўер. І гэтая радасць, пра якую сказаў бы не твар, сказалі б старыя рабочыя рукі, — гэтая радасць была б Рыўеру самай дзівоснай радасцю ў свеце. «Парваць паперу?» Сям'я старога і яго вяртанне ўвечары дадому — і сціплая гордасць:

— Ну што, цябе ўсё-такі пакідаюць?

— То дзіва! То дзіва! Гэта ж я сабраў першы ў Аргенціне самалёт!

І моладзь у цэху не будзе больш пасміхацца, і да старога зноў будуць адносіцца з пашанай…

«Парваць?»

Зазваніў тэлефон, Рыўер зняў трубку.

Працяглае маўчанне, потым водгаласы, гулкая глыбіня, якую надаюць людскім галасам прастора і вецер. Нарэшце з трубкі пачулася:

— Гаворыць аэрадром. Хто ля апарата?

— Рыўер.

— Месье дырэктар, шэсцьсот пяцідзесяты гатовы да адпраўлення.

— Добра.

— Нарэшце ўсё ў парадку. Але ў самы апошні момант давялося рамантаваць праводку: выявілася, што пашкоджаныя кантакты.

— Добра. Хто мантаваў ланцуг?

— Удакладнім. Калі дазволіце, прымем строгія меры: няспраўнае асвятленне на борце — рэч вельмі небяспечная!

— Бясспрэчна.

Рыўер думаў: «Калі не вырываць зло з коранем, не вырываць яго шторазу, як толькі сустракаеш, тады ў палёце пагасне святло. Ведаць прылады зла і не змагацца са злом — злачынства. Не, Рабле будзе звольнены».

Сакратар нічога не бачыў, ён па-ранейшаму стукаў на машынцы.

— Што вы друкуеце?

— Двухтыднёвую справаздачу.

— Чаму яна дагэтуль не гатовая?

— Я…

— Давядзецца праверыць.

«Дзіва, дый годзе, як бяруць верх выпадковыя абставіны, як абуджаецца агромністая цёмная сіла, тая самая, што ўзбударажвае бязмежныя пушчанскія нетры, што расце, шырыцца, апантана ракоча ўсюды, дзе толькі пачынаецца вялікая справа».

Рыўеру ўявілася, як пад націскам тонкіх ліянаў рушацца гіганцкія храмы.

«Вялікая справа…»

Рыўер спрабаваў пераканаць самога сябе: «Гэтыя людзі… Я люблю іх. І я ваюю не з імі, а з тым злом, якое дзейнічае праз іх…»

Ягонае сэрца білася коратка, часта і вельмі балюча.

«Я не ведаю, ці добра тое, што я раблю. Не ведаю дакладнай цаны ні чалавечага жыцця, ні справядлівасці, ні гора. Не ведаю толкам, чаго вартая радасць чалавека. Не ведаю, чаго вартая рука, якая дрыжыць. І якая цана шкадавання ці ласкі…»