Читать «Забаставаў» онлайн - страница 8

Джэк Лондан

Маці маўчала. Яна плакала. Джоні пастаяў крыху на парозе, потым вышаў з хаты і пашоў па вуліцы.

— Так, я ня буду нічога рабіць, — сказаў ён спакойным голасам, але рашучым тонам.

Джоні доўга гуляў па вуліцах, чаго ён раней ніколі не рабіў. Калі ён праходзіў міма джутавай фабрыкі, адтуль пачуўся слабы грукат і гул ткацкай, і ён усьміхнуўся. Гэта была спакойная, мірная ўсьмешка. У яго ня было цяпер ніякай злосьці. Ён спакойна адносіўся да ўсіх, нават да машын. У ім было толькі бязьмежнае жаданьне супакою.

Дамы і фабрыкі радзелі ўсё больш, чым бліжэй Джоні падыходзіў да акраіны гораду. Нарэшце, горад застаўся далёка ззаду, і ён пашоў па сьцежцы ўздоўж чыгункі.

Джоні падышоў да маленькай станцыі і лёг на траву пад дрэвам. Ён праляжаў там увесь дзень, наглядаючы за птушкамі і небам, якое прасьвечвалася праз густыя веткі дзерава.

Калі зьмерклася, да станцыі з грукатам падкаціўся таварны поезд. Паравоз пацягнуў вагоны па стрэлцы на другую каляю. Джоні папоўз за поездам. Ён адчыніў бакавыя дзьверы аднаго пустога вагону, сяк-так залез туды і замкнуў за сабою дзьверы. Паравоз сьвіснуў, і поезд крануўся з месца. Джоні ляжаў на падлозе ў цёмным вагоне і ўсьміхаўся.

Памылка

А-Чо не разумеў францускай мовы. Памяшканьне суда было перапоўнена народам. Чыноўнікі адзін за адным бесьперапынку і хутка гаварылі. Змораны А-Чо слухаў нехаця, няўважліва. Аб чым яны балбаталі? Страх якія дурныя гэтыя французы! Яны шукаюць таго, хто забіў Чанг-Га і ня могуць знансьці. Усе пяцьсот кулі з плянтацыі ведалі, што забіў А-Сан, але яго да гэтага часу яшчэ не арыштавалі. Праўда, кітайцы ўмовіліся не выдаваць адзін аднаго на судзе, але ўсё-ж французы лёгка маглі здагадацца, што забіў А-Сан. Яны зусім дурныя гэтыя французы!

А-Чо не баяўся. Ён не памагаў забіваць. Праўда, ён быў там, і калі Шэмер, прыганяты з плянтацый, ускочыў у барак, ён застаў яго на месцы разам з чатырма ці пяцьма іншымі кітайцамі. Але што з таго? Чанг-Га меў дзьве кінжальныя раны. Кожнаму ясна, што пяць ці шэсьць чалавек не маглі ўкалоць толькі два разы. Калі-б нават кожны чалавек укалоў па разу, дык і то гэта маглі зрабіць толькі двое.

Так разважаў А-Чо. Ён разам са сваімі таварышамі хлусіў, блытаўся, калі апавядаў суду пра здарэньне. Яны, як і Шэмер, пачулі шум і прыбеглі. Яны прыбеглі туды раней за Шэмера — вось і ўсё. Праўда, Шэмер сказаў судзьдзям, што ён, перш чым увайсьці, пяць хвілін прастаяў на дварэ і ўжо потым, калі добра разабраўся, ускочыў у памяшканьне. І, галоўнае, што ўсе пяцёра арыштаваных былі ўжо ў бараку, і яны не маглі толькі што папасьці сюды, бо ён стаяў каля адзінага на ўвесь барак уваходу. Але што з гэтага? А-Чо і яго таварышы ў сваіх апошніх словах давялі, што Шэмер памыліўся. Нарэшце іх усё-ж выпусьцяць. Яны верылі ў гэта: ня могуць-жа адцяць галовы пяці чалавекам за дзьве кінжальныя раны? Апрача таго, ніхто з чужаземных чарцей ня бачыў забойства. Але якія гэтыя французы дурні! А-Чо добра ведаў, што ў Кітаі суд загадаў-бы ўчыніць допыт над усімі і так дабіўся-б праўды. Вельмі лёгка выведаць праўду пад прымусам. А гэтыя французы ня ўмелі як сьлед прымусіць, — вось якія яны дурні. Таму вось яны і не даведаюцца ніколі, хто забіў Чан-Га.