Читать «Стамбульскі экспрэс» онлайн - страница 2

Грэм Грын

— Калі б я ведала. — Яна крыва ўсміхнулася, агорнутая сумам ростані і страхам перад невядомасцю. — Хто ведае, што мяне там чакае.

— Працаваць?

— Танцаваць. У вар'етэ.

Яна развіталася з ім і пайшла далей. Плашч падкрэсліваў яе тонкую статную постаць. Дзяўчына трымалася прама, нават тады, калі, спатыкаючыся, ішла паміж рэйкамі ўздоўж спальных вагонаў. Агеньчык святлафора змяніўся з чырвонага на зялёны, і з выхлапной трубы цягніка вырваўся тонкі струмень адпрацаванай пары. Яе твар, такі звычайны, але пікантны, яе манеры, абуральныя і адначасова сціплыя і далікатныя, — затрымаліся на момант у яго свядомасці. «Помні пра мяне, — у думках звярнуўся ён да дзяўчыны. — Праз месяц-другі мы зноў з табой сустрэнемся». Аднак ён добра разумеў, што сам ён яе не ўтрымае ў памяці, бо надта многа твараў мільгае перад ім у акенцы яго канторы, звяртаючыся з просьбамі пакінуць асобную каюту, ці размяняць грошы, ці заказаць спальнае месца, каб ён мог запомніць кожную асобу — дый нічога прыкметнага ў ёй і не было.

Калі ён падняўся на борт, палубы ўжо былі вымытыя, і паром быў падрыхтаваны да рэйсу. Настрой у яго значна палепшыўся, бо на судне ўжо нікога чужога не было. Вось так бы і заўсёды: некалькі матросаў-іншаземцаў, што балбочуць між сабой на сваёй мове, знаёмая сцюардэса, з якой прыемна прапусціць шклянку-другую піва. Ён крыху пабурчаў на матросаў па-французску, а тыя лагодна ўсміхнуліся яму ў адказ, праспяваўшы непрыстойную песеньку пра ашуканага мужа і яго няверную жонку.

— Цяжкі выдаўся рэйс, — сказаў ён па-ангельску галоўнаму сцюарду. Некалі той працаваў афіцыянтам у Лондане і ведаў ангельскую мову, а без пільнай патрэбы памочнік капітана не гаварыў па-французску. — А той жыд, ці шмат ён даў табе зверху?

— Ніколі не здагадаецеся! Цэлых шэсць франкаў!

— Яго не загайдала?

— Не. Але той стары з вусамі — ён ванітаваў увесь час. Дарэчы, аддайце мае дзесяць франкаў. Я выйграў заклад. Ён — ангелец.

— Не можа быць. У яго такі выразны акцэнт.

— Мне ўдалося зазірнуць у яго пашпарт. Рычард Джон. Школьны настаўнік.

— Дзіўна, — сказаў памочнік капітана. «Сапраўды, дзіўна», — зноў падумаў ён, неахвотна адлічваючы сцюарду дзесяць франкаў, і прыгадаў, як той стомлены сівы чалавек у плашчы адышоў ад парэнчаў парахода, калі былі ўзняты сходкі і карабельныя сірэны выдыхнулі пару ў напрамку расколіны паміж хмарамі. Ён папрасіў газету, якую-небудзь вячэрнюю газету. «Вячэрнія газеты не выходзяць так рана ў Лондане», — адказаў яму памочнік капітана. Пачуўшы адказ, той пастаяў крыху ў задуменнасці, кранаючы пальцамі кончыкі доўгіх сівых вусаў. Наліваючы шклянку піва сцюардэсе, перад тым як прагледзець каштарыс, памочнік капітана зноў падумаў пра таго школьнага настаўніка, і ў галаве ў яго стрэльнула думка, што, відаць, сутыкнуўся з чалавекам, які зазнаў шмат пакут, знясіленым, заблытаным у цёмныя справы. Гэты чалавек таксама не выказваў ніякіх скаргаў, і таму яго можна было забыць лягчэй, чым, скажам, маладога жыда, ці чараду турыстаў агенцтва Кука, ці хворую жанчыну ў ружова-зялёным адзенні, якая згубіла колца, ці таго дзівака старога, які двойчы заплаціў за спальнае месца. Дзяўчыну ён забыў з паўгадзіны таму. Якраз гэтая акалічнасць і аб'яднала яе з Рычардам Джонам. Тупат ног, пах нафты, мігценне сігнальных агеньчыкаў, заклапочаныя твары пасажыраў, звон шклянак, шэраг лічбаў, — усё гэта прымусіла іх згінуць у цемры свядомасці памочніка капітана.