Читать «Прысуд» онлайн - страница 17
Франц Кафка
I ўсё-такі я зусім не магу выкарыстаць гэты настрой і здольны адно пайсці дадому, бо твар мой брудны і спацелы, вопратка ў плямах ды пыле, на галаве шапка, якую я нашу на працу, боты, падрапаныя мэблевымі цвікамі. Хада мая плаўная, у пальцах дрыжыкі, а дзецям, што ідуць мне насустрач, я праводжу рукою па валасах.
Але шлях занадта кароткі. Неўзабаве я ўжо дома: адчыняю дзверы ліфта, заходжу ў яго.
Раптоўна ў гэтую хвілю я пачынаю адчуваць сябе самотным. Іншыя, вымушаныя падымацца па лесвіцы, пры гэтым крыху стамляюцца і, задыханыя, мусяць чакаць каго-небудзь, каб прыйшоў ды адчыніў дзверы ў кватэру; пры гэтым яны знаходзяць якую-небудзь прычыну, каб раззлавацца або выказаць нецярплівасць; потым яны ўвойдуць у пярэдні пакой, павесяць там капелюшы і застануцца сам-насам з сабою адно тады, калі, прамінуўшы ў калідоры некалькі шкляных дзвярэй, апынуцца ў сваім уласным пакоі.
Але я ў сваім пакоі ўжо адразу адзін і, абапёршыся на калені, гляджу ў вузкае люстэрка. Калі ліфт пачынае падымацца, я кажу: «Будзьце спакойныя, ідзіце сабе; можа, вы хочаце схавацца ў цяні дрэваў, за драпіроўкай вокнаў, пад скляпеннем лістоты?»
Я гавару цераз зубы, а лесвічныя парэнчы імчаць уздоўж матавых шыбаў долу, нібы водны паток.
«Ляціце сабе; няхай вашыя крылы, якіх я ніколі не бачыў, занясуць вас у вясковую даліну або ў Парыж, калі вас вабіць гэты горад.
Але цешцеся тым, што бачыце з акна: калі працэсіі з трох вуліц увойдуць на скрыжаванне і ніводная з іх не саступіць дарогі, а будзе праходзіць шэрагамі адна цераз адну, і паміж апошнімі шэрагамі зноў створыцца вольная прастора. Махайце хусцінкамі, палохайцеся, хвалюйцеся, усхваляйце прыўкрасную даму, што праязджае міма вас.
Перайдзіце драўляным мастком цераз ручай, паківайце галавой дзецям, што купаюцца, са здзіўленнем выслухайце воклічы «ўра!» тысяч матросаў з далёкага браняносца.
Пераследуйце толькі непрыкметнага чалавека, і калі вы ўжо загоніце яго пад цёмную браму, абрабуйце яго, і потым усе, трымаючы рукі ў кішэнях, паглядзіце, як ён, засмучоны, паварочвае налева, у бакавую вулачку.
Паліцыя, сям-там едучы галопам на конях, утаймуе іх і адцясніць нас назад. Пакіньце яе ў спакоі, пустыя вуліцы зробяць яе нешчаслівай, я гэта ведаю. I вось, калі ласка, яна ўжо скача адтуль парамі, павольна абмінаючы рагі вуліц, імкліва пралятаючы цераз пляцы».
Потым я выходжу з ліфта, адпраўляю яго назад, званю ў дзверы; а калі пакаёўка адчыняе, вітаю яе.
РАЗГУБЛЕНЫ ПОЗІРК З АКНА
Што будзем мы рабіць у тыя веснавыя дні, якія неўзабаве прыйдуць? Сёння з раніцы неба было шэрае, але калі цяпер падыдзеш да акна, дык мусіш здзівіцца і прытуліцца да рамы шчакою.
Унізе бачыш святло сонца, якое, напэўна, ужо заходзіць, на твары дзяўчынкі-падлетка, што вунь ідзе і азіраецца; адразу ж бачыш на гэтым твары і цень мужчыны, які ідзе хутка следам. Вось мужчына прайшоў — і твар дзіцяці ўвесь зрабіўся светлы.