Читать «Прысуд» онлайн - страница 130

Франц Кафка

Нарэшце выйшаў і ён. Гэты чалавек рухаўся асцярожна, яго ногі, перш чым ступіць на зямлю, як бы намацвалі яе.

Я ўстаў і, зрабіўшы вялікі крок проста насустрач багамольцу, схапіў яго за каўнер. Сказаўшы яму «Добры вечар!», я пачаў выпіхваць яго па прыступках уніз, на светлае месца.

Унізе ён зусім няўпэўнена сказаў:

— Добры, добры вечар, шаноўны пане. Не злуйцеся на мяне, адданага вам служку.

— Дык вось,— сказаў я,— я хачу, мой пане, у вас пра сёе-тое спытацца; таго разу вы ўцяклі ад мяне, сёння гэта ў вас наўрад ці атрымаецца.

— Вы здольны спачуваць іншым, васпане, і адпусціце мяне дадому. Я проста варты жалю чалавек. Гэта праўда.

— Не! — крыкнуў я праз шум трамвая, што якраз ішоў па вуліцы.— Я вас не пушчу. Гэткія вось гісторыі мне даспадобы. Вы мая ўдалая здабыча. Я сябе віншую.

Ён жа адказаў:

— Ах Божа ж мой! У вас порсткае сэрца, а галава — нібы камлыга. Вы кажаце, што я — удалая здабыча. Куды як удалая! Бо мае няшчасце — гэта няшчасце, якое вісіць: яно вісіць проста на валаску. I калі яго закрануць.... яно спадзе на таго, хто пытаецца. Дабранач, васпане.

— Добра,— сказаў я, моцна трымаючы яго за правую руку.— Калі вы мне не адкажаце, я вось тут на вуліцы пачну лямантаваць. I ўсе дзяўчаты-магазіншчыцы, што цяпер вяртаюцца з крамаў, і іхнія хлопцы, якія радасна чакаюць спаткання,— усе збягуцца сюды, падумаўшы, што недзе паваліўся конь пры карэце ці яшчэ што такое здарылася. Няхай яны тады паглядзяць на вас.

Тут ён заплакаў і пачаў цалаваць мне то адну, то другую руку.

— Я ўсё вам раскажу, пра што б вы ні хацелі даведацца. Толькі, калі ласка, зойдзем вунь туды, у бакавую вулачку.

Я моўчкі згадзіўся, і мы пайшлі туды.

Але прыцемак завулка, уздоўж якога далёка адзін ад аднаго жоўта мігцелі ліхтары, яму не спадабаўся, і ён пацягнуў мяне ў невысокую падваротню старога дома. Мы спыніліся каля вялікай свяцільні, з якой кроплямі цёк алей.

Ён паважна выцягнуў з кішэні насоўку і, абапёршыся нагой на прыступку лесвіцы, сказаў:

— Сядайце, васпане. Гэтак вам будзе зручней пытацца. А я буду стаяць: мне так лягчэй будзе даваць адказы. Толькі не трэба мяне цвяліць.

Я сеў на прыступку і, прыжмурыўшыся, сказаў:

— Вы сапраўдны вар'ят, вось хто вы! Як вы сябе паводзіце ў царкве? Як прыкра і непрыемна робіцца кожнаму, хто гэта бачыць! Ці ж магчыма цалкам аддавацца набажэнству, калі вы перад вачыма?!

Ён прыціснуўся ўсім целам да сцяны, адно ягоная галава матлялася ў паветры.

— Не трэба злаваць. Навошта вам злаваць з-за рэчаў, якія вас не закранаюць? Я злую на сябе, калі раблю ўсё нязграбна, але калі дрэнна сябе паводзіць хтосьці іншы, я толькі рады гэтаму. Вам няма чаго злаваць, я павінен сказаць вам, што рабіць так, каб людзі на мяне глядзелі, ёсць мэта майго жыцця.