Читать «Прысуд» онлайн - страница 128
Франц Кафка
Яшчэ не паспеў Кертыс скончыць свой палет, а ўжо, нібы набраўшыся натхнення, у трох ангарах пачынаюць працаваць маторы. Вецер і пыл шугаюць з супрацьлеглых бакоў. Двух вачэй не стае. Усе пачынаюць круціцца на сваіх крэслах, хістацца, моцна за некага трымацца, прасіць прабачэння; хтосьці адхіляецца, цягне за сабой другога, некаму выказваюць падзяку. Пачынаецца ранні вечар італьянскае восені, на полі як след усяго ўжо не разгледзіш.
Якраз у той хвілі, калі Кёртыс праходзіць міма, не гледзячы ў наш бок, пасля свайго пераможнага палёту, з лёгкай усмешкай здымае шапку, якраз тады Блер’ё пачынае апісваць невялікае кола ў паветры, якога ўсе ад яго дагэтуль чакалі! Невядома, ці воплескі адрасуюцца Кертысу, або Блер'ё, або ўжо Руж'е, чый вялікі цяжкі лятак ірвецца якраз цяпер у паветра. Руж'е сядзіць за сваімі рычагамі, нібы гаспадар за пісьмовым сталом, да якога можна трапіць за яго спінаю па маленькай лесвіцы. Ён, апісваючы маленькія колы, падымаецца вышэй і вышэй, вышэй за Блер'ё, робіць з яго гледача і не перастае падымацца ўверх.
Калі мы яшчэ хочам узяць рамізніка, тады ўжо самы час сыходзіць; ужо шмат людзей праціскаецца каля нас. Усім жа вядома, што гэты палёт — проста выпрабаванне; паколькі ўжо амаль сёмая гадзіна, яго афіцыйна не зарэгіструюць. На пляцы перад аэрадромам стаяць кіроўцы, слугі на сваіх месцах, і ўсе паказваюць на Руж'е; тры цягнікі, запоўненыя да самых буфераў, не кранаюцца з месца з-за Руж’е. Нам шанцуе ўхапіць каламажку; рамізнік прысядае перад намі (козлаў там няма), і мы, зрабіўшыся нарэшце самастойнымі істотамі, ад'язджаем. Макс робіць вельмі слушную заўвагу, што нешта падобнае, як тут, магчыма, трэба было б арганізаваць таксама і ў Празе. Гэта не абавязкова павінны былі б быць спаборніцтвы летуноў, мяркуе ён, дый гэта спраўдзіла б сябе, але запрасіць авіятара, напэўна ж, было б зусім няцяжка, і ніхто з удзельнікаў відовішча не будзе пра тое шкадаваць. Справа ж зусім простая: «Райт» зараз паляціць у Берлін, і трэба было б адно пераканаць людзей зрабіць невялікі круг. Мы, астатнія двое, нічога не адказваем, бо, па-першае, стаміліся, а, па-другое, увогуле не ведаем, чым запярэчыць. Дарога робіць паварот, і Руж'е, здаецца, апынаецца так высока, што можна паверыць у тое, што неўзабаве яго месцазнаходжанне можна будзе вызначыць толькі па зорках, якія вось-вось паявяцца на небе, што фарбуецца ўжо ў цемныя колеры. Мы па-ранейшаму раз-пораз паварочваемся назад; Руж'е яшчэ якраз падымаецца вышэй і вышэй; мы ж заглыбляемся ў прыгарадную прыроду.