Читать «Дзеці капітана Гранта» онлайн - страница 5

Жуль Верн

— Даведаемся! — упэўнена сказаў Гленарван.

— Несумненна,— пацвердзіў маёр, які заўсёды згаджаўся з думкай суседа,— але якім чынам?

— Дапоўніўшы адзін дакумент другімі!

— Дык хутчэй-жа пачынайце! — упрашала Элен.

Другі шматок паперы быў папсаваны болей, чым першы. На ім уцалела толькі некалькі асобных слоў, размешчаных такім чынам:

— Гэта напісана па-нямецку! — крыкнуў Джон Мангльс, паглядзеўшы на дакумент.

— Тады перакладзіце нам змест запіскі.

Капітан вывучыў дакумент і потым сказаў:

— Перш за ўсё мы маем тут указанне на час здарэння: 7 juni — значыць 7 чэрвеня. Спалучыўшы гэта з лічбай 62 з англійскай запіскі, дату катастрофы можна ўстанавіць зусім дакладна: 7 чэрвеня 1862 года.

— Надзвычайна!—усклікнула Элен. — Прадаўжайце, Джон.

— У тым-жа радку ёсць спалучэнне літар Glas. У англійскай запісцы ў гэтым-жа радку ёсць канец гэтага слова: gow. Значыць, гутарка ідзе аб судне, якое прыпісана да порта Glasgow — Глазго.

— І я так думаю,— дадаў маёр.

— Другога радка ў нямецкай запісцы зусім няма,— гаварыў далей капітан,— але затое трэці мае два важных словы: zwei, што азначае два, і atrosen — няпоўнае Matrosen — матроса.

— Значыць,— сказала Элен,— гутарка ідзе аб капітане і двух матросах?

— Магчыма,— пацвердзіў Гленарван.

— Прызнаюся,— гаварыў далей капітан,— што наступнае слова — graus — мяне здзіўляе. Не ведаю, як яго перакласці.

Магчыма яно будзе больш зразумелым пасля азнаямлення з трэцім дакументам? Што датычыць двух апошніх слоў — bringt ihnen,— то растлумачыць іх можна лёгка. Даслоўна яны азначаюць: «прынясіце ім», у спалучэнні-ж са словам assistance з англійскага дакумента, змешчаным таксама, як і яны, у сёмым радку яны складаюць пэўны сказ: «дапамажыце ім».

— Так, гэта ясна,— сказаў Гленарван: — «дапамажыце ім»! Але дзе знаходзяцца гэтыя няшчасныя? Да гэтага часу мы не сустрэлі ніякага ўказання на месца здарэння. Адкуль мы даведаемся, дзе адбылася катастрофа?

— Будзем спадзявацца, што французскі дакумент будзе больш ясны! — усклікнула Элен.

— Паглядзім французскую запіску,— адказаў Гленарван. — На шчасце, мы ўсе ведаем гэтую мову, так што чытанне яе не затрудніць нас.

Вось дакладная копія французскага дакумента:

— Тут лічбы, панове! — усклікнула Элен. — Глядзіце, тут ёсць лічбы!

— Давайце рабіць усё па парадку,— сказаў Гленарван. — Пачнем спачатку і адно за адным аднавім значэнне кожнага слова. З першага радка зразумела, што справа ідзе аб трохмачтавым судне. Назва яго — «Брытанія»; гэта зразумела з параўнання гэтай запіскі з англійскай. З двух наступных слоў: gonie і austral зразумела толькі апошняе.

— Вось гэта ўжо каштоўнае ўказанне,— заўважыў Джон Мангльс. — Крушэнне адбылося ў паўднёвым паўшар’і!

— Даволі няпэўнае ўказанне,— засупярэчыў Мак-Набс.

— Прадаўжаю,— сказаў Гленарван. — Слова abor — корань дзеяслова aborder — прыставаць! Гэтыя няшчасныя прысталі к якому-небудзь берагу. Але к якому? Contin... Ці не к кантыненту? Cruel — люты...

— Тут ёсць слова люты? — запытаў Джон Мангльс. — Тады мне зразумела, што азначае ўрывак слова graus у нямецкім тэксце: гэта — grausam — люты!