Читать «Дзеці капітана Гранта» онлайн - страница 6

Жуль Верн

— Пойдзем далей! — весела сказаў Гленарван, цікавасць якога вельмі разгарэлася па меры таго, як раскрываўся сэнс гэтых напалавіну сцёртых абарваных слоў. — Indi... як гэта разумець? Ці не трапілі яны ў Індыю? А тут незразумела ongit... Ага, гэта longitude — даўгата! А вось і шырата — 37° 11'. Урэшце ў нас ёсць зусім дакладнае ўказанне!

— Так то так, але даўгаты ў вас няма! — дадаў Мак-Набс.

— Трэба ўмець задавальняцца малым, дарагі маёр,— запярэчыў Гленарван. — Ведаць дакладна шырату — ужо не так кепска! Безумоўна, французскі тэкст самы поўны з усіх. Таксама ясна, што кожная з запісак уяўляе дакладны пераклад двух другіх, бо ва ўсіх трох аднолькавая колькасць радкоў. Таму трэба аб’яднаць усе тры тэксты, перакласці іх на якую-небудзь адну мову і тады ўжо шукаць найбольш лагічнае, яснае і магчымае тлумачэнне.

— На якую-ж мову вы збіраецеся перакласці дакумент: на англійскую ці нямецкую? — запытаў маёр.

— На французскую, бо французская запіска захавала для нас найбольшую колькасць патрэбных слоў,— адказаў Гленарван.

— Вы праўду кажаце, сэр,— заўважыў Джон Мангльс,— дарэчы, мы ўсе валодаем гэтай мовай.

— Значыць, вырашана. Я перапішу гэты дакумент, злучаючы ўрыўкі сказаў дакладна ў тым парадку, у якім яны размешчаны ў арыгіналах, і, пакідаючы прабелы, дапішу тыя няпоўныя словы, сэнс якіх ясны і безумоўны, а потым мы паглядзім.

Гленарван узяў пяро і праз некалькі хвілін паказаў сваім сябрам лісток паперы з наступнымі радкамі:

У гэту хвіліну ў каюту ўвайшоў матрос; ён далажыў капітану Мангльсу, што «Дункан» увайшоў у Клайдскую затоку.

— Якія вашы намеры, сэр? — звярнуўся капітан да Гленарвана.

— Як мага хутчэй прыбыць у Думбартон. Адтуль Элен вернецца ў Малькольм-Кэстль, а я паеду ў Лондан, каб уручыць гэты дакумент лордам адміралцейства.

Джон Мангльс аддаў адпаведныя загады, і матрос вышаў, каб перадаць іх памочніку капітана.

— А цяпер, сябры,— сказаў Гленарван, — возьмемся зноў за расшыфроўку. Мы натрапілі на сляды вялікага няшчасця. Ад нашай здагадлівасці залежыць жыццё некалькіх чалавек. Трэба напружыць увесь розум, усю кемлівасць, каб знайсці ключ да гэтай загадкі.

— Мы гарым жаданнем зрабіць гэта, дарагі Эдуард,— адказала Элен.

— Перш за ўсё,— прапанаваў Гленарван,— падзелім гэты дакумент на тры часткі: першую — вядомую, другую — якая дазваляе дапускаць, і трэцюю — невядомую. Што нам вядома? Нам вядома, што 7 чэрвеня 1862 года трохмачтавы карабль «Брытанія» пацярпеў крушэнне, што яго капітан і два матросы кінулі гэтыя дакументы ў мора ў нейкім пункце зямнога шара, размешчаным пад 37° 11' шыраты; урэшце нам вядома, што яны просяць аказаць ім дапамогу.

— Зусім верна,— пацвердзіў маёр.

— Якія меркаванні мы можам рабіць? — прадаўжаў Гленарван. — Перш за ўсё, што крушэнне адбылося ў морах паўднёвага паўшар’я. Тут я перш за ўсё хачу звярнуць вашу ўвагу на ўцалеўшую частку слова «гоні». Ці не ёсць гэта назва краіны?

— Патагоніі? — усклікнула Элен.

— Так.

— Але ці перасякаецца Патагонія трыццаць сёмай паралеллю? — запытаў маёр.

— Гэта лёгка праверыць,— сказаў Джон Мангльс, разгортваючы карту Паўднёвай Амерыкі. — Так яно і ёсць. Трыццаць сёмая паралель перасякае Арауканію, праходзіць па пампасах уздоўж паўночных граніц Патагоніі і губляецца ў водах Атлантычнага акіяна.