Читать «Дзеці капітана Гранта» онлайн - страница 3

Жуль Верн

У моры ўсякі пусцяк — падзея. Тыя, што сядзелі вакол стала, напружана маўчалі. Усе дапытліва пазіралі на знахадку. Або была ў ёй вестка пра страшную катастрофу ці толькі недарэчная пісаніна якога-небудзь тужлівага марака, кінутая на волю хваль?

Гленарван адразу пачаў агляд бутэлькі. Аднак, ён дзейнічаў з усёй асцярожнасцю, якая адпавядала выпадку. Гледзячы з боку, яго можна было палічыць за следчага, які аглядае каштоўны «рэчавы доказ» у важным судовым працэсе. І Гленарван меў падставу рабіць так, бо часта самы нікчэмны след можа навесці на важнае адкрыццё.

Перш чым адкрыць бутэльку, Гленарван уважліва агледзеў яе звонку. У яе было доўгае горлачка, з якога ўсё яшчэ тырчэў кусок іржавага дроту. Тоўстае шкло бутэлькі, здольнае вытрымаць ціск у многа атмасфер, ясна паказвала, што гэта была бутэлька ад шампанскага. Такімі бутэлькамі вінаробы Эпернея разбіваюць крэслы, прычым на шкле не застаецца нават драпіны. Не дзіва, што гэта бутэлька засталася цэлай, вытрымаўшы ўсе выпадковасці доўгага вандравання.

— Бутэлька кліко,— пасведчыў маёр.

І паколькі ён з’яўляўся знаўцам у гэтай галіне, яго сцвярджэнне было прынята без пярэчанняў.

— Дарагі маёр,— сказала Элен,— ці не ўсёроўна, што гэта за бутэлька, калі мы не ведаем, адкуль яна прыплыла?

— Мы даведаемся пра гэта, Элен,— адказаў Гленарван.— Ужо зараз мы можам сцвярджаць, што яна прыплыла здалёк. Паглядзіце на напластаванні на шкле, якія ўтварыліся пад уплывам мінеральных прымешак у марской вадзе. Гэта знаходка прайшла доўгі шлях па акіяну, перш чым трапіла ў жывот акулы.

— Не магу не згадзіцца з вашымі справядлівымі заўвагамі,— сказаў маёр. — Гэта пасудзіна, абароненая сваёй каменнай абалонкай, сапраўды магла зрабіць доўгае падарожжа.

— Але адкуль яна прыплыла? — запытала Элен.

— Пачакайце, Элен, пачакайце,— адказаў Гленарван,— з такімі бутэлькамі трэба перш за ўсё быць цярплівым.

Спадзяюся, што не памыляюся, калі скажу, што яна сама дасць адказ на нашы пытанні.

Сказаўшы гэта, Гленарван пачаў асцярожна ачышчаць ад наростаў горлачка бутэлькі. Неўзабаве паказаўся корак, вельмі сапсуты марской вадой.

— Шкада! — сказаў Гленарван. — Калі ў бутэльцы захоўваюцца дакументы, дык яны, напэўна, будуць падмочанымі!

— Так, гэтага трэба асцерагацца,— згадзіўся маёр.

— Добра яшчэ,— дадаў Гленарван,— што акула своечасова праглынула гэту бутэльку і даставіла яе на борт «Дункана»: корак вельмі дрэнны і бутэлька немінуча павінна была-б затануць.

— Безумоўна! — пацвердзіў Джон Мангльс. — І ўсё-такі шкада, што мы яе не знайшлі проста ў моры. Тады-б, вызначыўшы шырату і даўгату і вывучыўшы паветраныя і марскія плыні, можна было-б зрабіць вывад аб пройдзеным ёю шляху. А цяпер пры такім паштальёне, які плыве супроць вятроў і плыняў, можна меркаваць усё, што хочаце, з аднолькава няўстойлівымі асновамі і доляй мажлівасці.

— Не спяшайцеся з вывадамі, Джон! Паглядзім!—пярэчыў Гленарван і вельмі асцярожна вынуў корак.

Моцны пах марской вады разышоўся па каюце.